Традыцыйная сустрэча выкладчыкаў кафедры журналістыкі і абітурыентаў, якія паступаюць на спецыяльнасць "Журналістыка" і "Інфармацыя і камунікацыя", адбылася ў галоўным корпусе.
Ліпеньскі інтэнсіў праводзіцца штогод перад пачаткам уступнай кампаніі, каб зарыентаваць абітурыентаў, даць адказы на хвалюючыя пытанні, сфарміраваць найбольш поўнае ўяўленне аб універсітэце.
Выкладчыкі кафедры журналістыкі Святлана Хвясько і Кацярына Касцюшка расказалі пра парадак падачы дакументаў і пра тое, у якой форме будуць праходзіць творчыя ўступныя іспыты. Таксама паказалі перавагі вучобы ў Купалаўскім універсітэце: магчымасці, перспектывы ў навуцы і творчасці, расказалі пра сістэму лаяльнасці для студэнтаў.
Інтэрактыўнай і пазнавальна-забаўляльнай часткай сустрэчы стаў інтэлектуальны квіз, дзе абітурыенты паказалі свае веды ў сферы журналістыкі і PR, а таксама даведаліся шмат новай і карыснай інфармацыі, якая ім спатрэбіцца пры праходжанні ўступных іспытаў. Удзельнікі ліпеньскага інтэнсіву з задавальненнем пагутарылі і са студэнтамі: купалаўцы 2-4 курсаў дзяліліся вопытам і расказвалі пра актыўнае студэнцкае жыццё, навучальны працэс.
У рамках азнаямленчай экскурсіі абітурыенты наведалі Студэнцкі медыяцэнтр, дзе пазнаёміліся з праектамі студэнтаў і працай медыяцэнтра.
Кафедра журналістыкі запрашае абітурыентаў спецыяльнасці "Журналістыка" на курсы па падрыхтоўцы да ўступных іспытаў з 18 па 23 ліпеня. Для праходжання курсаў неабходна падаць дакументы ў прыёмную камісію ўніверсітэта. Падрабязную інфармацыю можна атрымаць па тэлефоне +375295845584 (Viber, Telegram) - Святлана Гендрыкаўна.