Прыёмная кампанія 2022 года на інжынерна-будаўнічым факультэце ідзе вельмі актыўна. План набору ў бягучым навучальным годзе ўключае дзённую і завочную скарочаную формы навучання.
Для абітурыентаў, якія жадаюць атрымаць адукацыю на дзённай форме навучання, ёсць магчымасць выбраць спецыяльнасці "Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва" і "Цеплагазазабеспячэнне, вентыляцыя і ахова паветранага басейна". Выпускнікі гэтых спецыяльнасцей атрымліваюць кваліфікацыю "інжынер-будаўнік" і пасля завяршэння навучання могуць быць размеркаваны і працаўладкаваны ў арганізацыі будаўнічага профілю. Маладыя спецыялісты займаюцца распрацоўкай праектаў будаўнічых работ, вызначаюць іх графік, парадак, патрэбную колькасць рабочай сілы, выбіраюць неабходныя будаўнічыя матэрыялы і шмат іншага.
Інжынеры-праекціроўшчыкі могуць ствараць праекты самастойна або пры цесным супрацоўніцтве з архітэктарамі. Наяўныя веды дазваляюць ім займацца праектаваннем як цэлых будаўнічых аб'ектаў, так і асобных сістэм камунікацыі, напрыклад, апалы, водазабеспячэння, аўтамабільных дарог. Таму камп'ютарнае мадэляванне і 3D-візуалізацыя аб'ектаў – адны з асноўных дысцыплін, якія вывучаюць нашы студэнты з першых курсаў навучання на інжынерна-будаўнічым факультэце. Адзначым, што спецыялісты з веданнем камп'ютарнага мадэлявання з'яўляюцца запатрабаванымі на рынку працы.
Цеснае супрацоўніцтва інжынерна-будаўнічага факультэта з IT-кампаніямі і вядучымі арганізацыямі будаўнічага профіля дае магчымасць нашым студэнтам прайсці практыку ў лепшых арганізацыях і знайсці месца далейшага працаўладкавання.
Нашы абітурыенты - гэта выпускнікі тэхнічнага складу розуму, пераможцы раённых і абласных этапаў па чарчэнні, з высокімі вынікамі цэнтралізаванага тэсціравання. Так, абітурыент Максім Бернатовіч мае ў сертыфікаце па матэматыцы 97 балаў.
На завочную форму навучання запрашаем матываваных выпускнікоў каледжаў. За першыя дні прыёму дакументаў былі рады вітаць выпускнікоў Мінскага дзяржаўнага энергетычнага каледжа, Гродзенскага дзяржаўнага політэхнічнага каледжа, Лідскага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы, а некаторыя маладыя людзі працягваюць навучанне пасля перапынку, абумоўленага службай у войску. Наперадзе іх чакаюць уступныя іспыты па профільных дысцыплінах "Будаўнічыя матэрыялы і вырабы" і "Асновы інжынернай графікі".
Мы жадаем усім абітурыентам поспехаў і з нецярпеннем чакаем сустрэчы 1 верасня!