Сёння, 26 ліпеня, у 18.00 завершыцца прыём дакументаў на ваенны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Факультэт вядзе падрыхтоўку па дзвюх спецыяльнасцях "Тылавое забеспячэнне войскаў (па напрамках)" і "Фізічная падрыхтоўка ваеннаслужачых".
Як расказаў начальнік ваеннага факультэта Лявонцій Паўлаў, ужо зараз можна гаварыць аб тым, што прыёмная кампанія прайшла паспяхова. Падаваць дакументы прыходзяць матываваныя і рознабаковыя абітурыенты, якія гатовы да праходжання ваеннай службы. На спецыяльнасць "Тылавое забеспячэнне войскаў (па напрамках)" набор - 20 чалавек. Сёлета сярод курсантаў упершыню ў гісторыі ваеннага факультэта будуць дзяўчаты. Нягледзячы на тое, што набор дзяўчат быў аб'яўлены толькі ў канцы красавіка, гэта не паўплывала на іх актыўнасць, наадварот, утварыўся конкурс. На спецыяльнасць "Фізічная падрыхтоўка ваеннаслужачых" набор - чатыры чалавекі.
- Прахадны бал у гэтым годзе вырас, на абедзве спецыяльнасці быў вялікі попыт. У многім гэтаму садзейнічае прадуманая і планамерная прафарыентацыйная работа. Яе план зацвярджаецца штогод 1 верасня. На факультэце праходзяць дні адчыненых дзвярэй, куды запрашаем школьнікаў і іх бацькоў. Акрамя таго, нашы супрацоўнікі і курсанты выязджаюць у школы, кадэцкія вучылішчы і воінскія часці не толькі Гродзенскай вобласці, таму да нас паступаюць з усіх рэгіёнаў нашай краіны. Напрыклад, дзякуючы зробленай працы і цеснаму супрацоўніцтву, да нас падалі дакументы трое хлопцаў, якія скончылі Полацкую кадэцкую вучэльню, – распавёў Лявонцій Паўлаў.
Сярод абітурыентаў, якія пажадалі паступіць на ваенны факультэт, не толькі школьнікі і кадэты, але і вайскоўцы, якія праходзяць тэрміновую і кантрактную службу, выпускнікі вучылішча алімпійскага рэзерву. І ўсе яны ўжо прайшлі пэўны шлях, бо проста так паступіць на ваенны факультэт нельга - трэба прайсці прафесійны адбор у ваенных камісарыятах.
Дарэчы, уступныя іспыты - гэта не апошняя ступень на шляху атрымання пагонаў курсантаў. З 1 па 31 жніўня ўсе навабранцы пройдуць пачатковую прафесійную падрыхтоўку. Першыя 10 дзён курсанты будуць знаходзіцца на тэрыторыі факультэта, а з 13 жніўня іх чакае палявое жыццё, дзе яны будуць атрымліваць базавыя веды па агнявой падрыхтоўцы, ваенна-інжынернай, ваеннай тапаграфіі, а таксама тактычнай падрыхтоўцы. Завершыцца падрыхтоўка марш-кідком, пасля якога курсанты атрымаюць запаветныя пагоны.