З 4 па 10 ліпеня ў Рэспубліцы Казахстан праходзіў чэмпіянат сяброўскіх войскаў СНД.
Спартыўныя спаборніцтвы паміж ваеннаслужачымі сяброўскіх армій СНД праводзяцца на пастаяннай аснове з мэтай умацавання супрацоўніцтва паміж узброенымі сіламі краін Садружнасці, абмену вопытам па падрыхтоўцы воінаў-спартсменаў міжнароднага класа і прапаганды фізкультуры і спорту ва ўзброеных сілах.
У склад каманды Рэспублікі Беларусь па афіцэрскім трохбор'і ўваходзіў курсант ваеннага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта малодшы сяржант Павел Камароўскі, які паказаў добрую спартыўную падрыхтоўку і выдатныя вынікі.
«Гэтыя спаборніцтвы вельмі аўтарытэтныя, вельмі моцныя. Адначасова правяраюцца і падрыхтоўка вайскоўцаў і адбываецца абмен вопытам, мы пераймаем інавацыі ў методыцы падрыхтоўкі спартсменаў. Такія спаборніцтвы садзейнічаюць умацаванню духу ўзаемаразумення і ўзаемадапамогі паміж войскамі» - адзначыў Павел Камароўскі, курсант ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы
Па выніках спаборніцтваў каманда Рэспублікі Беларусь заняла другое месца!