Адкрыты дыялог кіраўніцтва Воранаўскага раёна з рэктарам і дэканамі факультэтаў універсітэта адбыўся 9 жніўня.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел старшыня Воранаўскага райвыканкама Дзмітрый Захарчук, старшыня Воранаўскага раённага Савета дэпутатаў Алена Ганевіч, намеснік старшыні Воранаўскага раённага выканаўчага камітэта Андрэй Карповіч, начальнік аддзела адукацыі Воранаўскага райвыканкама Валянціна Люленка, дырэктар ДУА "Варонаўская сярэдняя школа" Валерый Волы.
Вітаючы гасцей, рэктар універсітэта Ірына Кітурка адзначыла, што гэта першая рабочая сустрэча па абмеркаванні праграмы супрацоўніцтва паміж Воранаўскім райвыканкамам і ГрДУ імя Янкі Купалы пасля падпісання дагавора аб супрацоўніцтве:
- Сённяшняя сустрэча напярэдадні новага навучальнага года важная і неабходная, бо рэалізацыя праграмы супрацоўніцтва разлічана на цэлы навучальны год. Нам трэба не толькі абмеркаваць напрамкі ўзаемадзеяння, але і вызначыць адказных за выкананне тых ці іншых пунктаў праграмы.
Рэктар выказала словы ўдзячнасці кіраўніку і прадстаўнікам Воранаўскага раёна за праяўленую цікавасць да Купалаўскага ўніверсітэта і падкрэсліла, што па выніках сёлетняй прыёмнай кампаніі 34 чалавекі, якія пражываюць на тэрыторыі Воранаўскага раёна, сталі першакурснікамі Купалаўскага ўніверсітэта.
Звяртаючыся да ўдзельнікаў круглага стала, старшыня Воранаўскага райвыканкама Дзмітрый Захарчук, з усёй сур'ёзнасцю разглядаючы партнёрства з Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, падкрэсліў, што праект праграмы супрацоўніцтва прадугледжвае ўзаемадзеянне ў самых розных напрамках:
- Нас цікавіць супрацоўніцтва ў сферы прафесійнага навучання і павышэння якасці падрыхтоўкі спецыялістаў, сумесная работа па навукова-даследчай дзейнасці школьнікаў і алімпіяднаму руху. Акрамя таго, хацелася б абмеркаваць студатрадаўскі рух, далучэнне студэнцкай моладзі да сельскагаспадарчай працы. Мы гатовы прапанаваць розныя віды выкананых работ, адпаведную аплату і многае іншае на ўзаемавыгадных умовах.
Падчас дыялогу дэканы факультэтаў абазначылі пункты судакранання ў пытаннях сумеснага ўзаемадзеяння, назвалі традыцыйныя мерапрыемствы, у якіх могуць прымаць удзел педагогі, школьнікі, а таксама іх бацькі. Акрамя таго, адзначылі праекты, якія ўжо дзейнічаюць. Так, на працягу многіх гадоў раён супрацоўнічае з кафедрай беларускай філалогіі, якая аказала вялікае садзейнічанне ва папаўненні фальклорнай гісторыі Воранаўшчыны.
Падводзячы вынікі сустрэчы, бакі адзначылі паспяховыя вынікі работы і ўзгаднілі канкрэтныя далейшыя крокі ў рамках сумеснай дзейнасці.