Як спяваецца ў вядомай песні, вось і лета прайшло, нібы і не бывала. На парозе восень, і ў Купалаўскім універсітэце ўсё гатова для сустрэчы студэнтаў. Апошняя рыска – засяленне рабят у інтэрнаты. Адправіліся ў самы новы, шосты, каб паглядзець, як адладжаны гэты працэс.
Інтэрнат блочнага тыпу, размешчаны па вуліцы Дубко, расчыніў свае дзверы ў 2020 годзе. Сучасны 13-павярховы будынак на 1030 месцаў з безбар'ерным асяроддзем стаў доўгачаканым падарункам для ўсёй купалаўскай сям'і. Рашэнне аб яго будаўніцтве было прынята па выніках візіту ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ў кастрычніку 2018 года.
У працэсе засялення рабятам дапамагаюць і бацькі, і валанцёры, і, вядома, супрацоўнікі інтэрната. Усяго ўніверсітэт дае 3178 месцаў для студэнтаў і больш за 30% з іх менавіта на вуліцы Дубко.
- Дадзены інтэрнат адносіцца да 1-й катэгорыі, адпавядае ўсім сучасным стандартам і найбольш камфортны для пражывання. Таму не дзіўна, што тут пражываюць рабяты, якія маюць высокі студэнцкі рэйтынг. Усе яны задаволены створанымі тут умовамі. Натуральна, пры ўзнікненні якіх-небудзь праблем заўсёды можна звярнуцца да супрацоўнікаў інтэрната, - распавяла начальніца студэнцкага мястэчка Ірына Адашчык. Яна таксама адзначыла, што і ўсе астатнія інтэрнаты гатовы прыняць студэнтаў. Улетку ў іх працавалі студэнцкія атрады, якія падрыхтавалі будынкі да новага навучальнага года.
У інтэрнаце па вуліцы Дубко ёсць усё неабходнае. На першым паверсе размешчаны памяшканні адміністрацыйна-гаспадарчай службы, буфет, медыцынскі блок.
З другога па трынаццаты паверхі знаходзяцца пакоі для пражывання і абслуговыя памяшканні. У кожным блоку па тры жылыя пакоі з мэбляй і кухняй, абсталяванай неабходнай тэхнікай, ёсць санвузел і душавая. Кожны пакой разлічаны на пражыванне двух чалавек.
Студэнтка 4 курса юрыдычнага факультэта Кацярына Прохарава ўжо не першы год пражывае ў новым інтэрнаце. Дзяўчына адзначае, што заўсёды імкнецца трымаць свой рэйтынг на высокім узроўні, каб патрапіць менавіта сюды.
- Інтэрнат на гады вучобы ён становіцца нашым домам, дзе мы весела і ўтульна бавім час. Тут працуюць клубы па інтарэсах, мы збіраемся на сумесныя прагляды фільмаў, - падзялілася Кацярына. - Суседкай ужо які год будзе мая сяброўка. У нас у блоку склалася класная атмасфера сяброўства і разумення. Сёлета ў суседнім пакоі будуць жыць студэнты з Кітая, таму зараз будзем вывучаць іншую культуру, якая нам зусім незнаёмая.
Наперадзе ў юнакоў насычаны падзеямі год. Ім трэба шмат чаго даведацца і зрабіць, а ўтульныя інтэрнаты стануць месцам адпачынку і падрыхтоўкі да цікавых дзён.