1 верасня ўдзельнікі мерапрыемства падвялі вынікі працы Купалаўскага ўніверсітэта ў папярэднім навучальным годзе і вызначылі задачы на будучы.
Мерапрыемства прайшло з удзелам рэктарата Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і ганаровых гасцей, сярод якіх - памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў і намеснік старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Віктар Пранюк.
Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка павіншавала ўсіх з пачаткам новага навучальнага года і адзначыла, што сёлета ў рамках урачыстага пашыранага пасяджэння Савета ўніверсітэта будуць не проста падводзіцца вынікі і вызначацца задачы на новы навучальны год, ён будзе прысвечаны тэме «Аб ролі ўніверсітэта ў рэгіянальнай сістэме развіцця».
– Гэтую тэму нам дапамог сфармуляваць шосты Усебеларускі народны сход, а дакладней, адзін з тэзісаў, які там прагучаў: «Моцныя рэгіёны – моцная краіна». У сваёй прамове на шостым Усебеларускім народным сходзе Прэзідэнт гаварыў, што ключавая задача ў маштабах вобласці і краіны - гэта якраз развіццё рэгіёнаў. А наш універсітэт геаграфічна размешчаны ў Гродзенскім рэгіёне. Таму дазволім сабе сёння вызначыць ролю нашага ўніверсітэта ў рэгіёне і горадзе Гродна, – адзначыла Ірына Кітурка.
Гаворачы аб Купалаўскім універсітэце як аб горадаўтваральным універсітэце, рэктар звярнула ўвагу, што больш за 52% ад усіх студэнтаў горада складаюць студэнты-купалаўцы, 96% ад колькасці магістрантаў горада - магістранты Купалаўскага ўніверсітэта, ад агульнай колькасці навучэнцаў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі - больш за 27% навучэнцаў каледжаў ГрДУ імя Янкі Купалы, а сярод размеркаваных і працаўладкаваных выпускнікоў у Гродзенскую вобласць больш за 88 працэнтаў складаюць выпускнікі-купалаўцы.
У пастаноўцы задач на новы навучальны год Ірына Фёдараўна звярнула ўвагу на тое, што яны будуць гучаць ва ўнісон стратэгіі апераджальнага развіцця ўніверсітэта. Гэта прагназаванне і фармаванне запатрабаванняў суб'ектаў рэгіёна ў апераджальным рэжыме, у тым ліку ў падрыхтоўцы кадраў; фарміраванне шматфункцыянальных кластараў ва ўзаемадзеянні з прадпрыемствамі і арганізацыямі рэгіёна; распрацоўка адукацыйных праграм і тэхналогій у адпаведнасці з запатрабаваннямі заказчыкаў кадраў; выкарыстанне патэнцыялу прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна ў рамках кластараў для развіцця матэрыяльна-тэхнічнай базы; ахоп новых рэгіёнаў сістэмай прафарыентацыйнай дзейнасці; пашырэнне мэтавага набору на аснове ўзаемадзеяння з заказчыкамі кадраў, у тым ліку ў рамках дзейнасці кластараў; павелічэнне колькасці дысертацыйных даследаванняў для рэальнага сектара эканомікі ў рамках дзейнасці кластараў.
Таксама Ірына Фёдараўна вызначыла ролю ўніверсітэта ў грамадскім жыцці рэгіёна. Гэта і правядзенне на базе ГрДУ імя Янкі Купалы такіх буйных мерапрыемстваў, як IX Форум рэгіёнаў Беларусі і Расіі, Дзён народнага адзінства, 140-годдзя з дня нараджэння Янкі Купалы, абмеркаванне падручніка "Гісторыя беларускай дзяржаўнасці", акцыя "Памяць" і іншых. Усяго на базе ўніверсітэта прайшло больш за 50 дыялогавых пляцовак з запрашэннем дэпутатаў, кіраўнікоў вобласці і горада, прадстаўнікоў грамадскіх аб'яднанняў.
Рэктар нагадала, што з 1 верасня набывае моц новы Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, а разам з гэтым і ўзмацненне патрыятычнага і выхаваўчага складніка адукацыйнага працэсу, і павышэнне самастойнасці ўстаноў вышэйшай адукацыі, і сеткавае ўзаемадзеянне ўстаноў вышэйшай адукацыі, а таксама пашырэнне мэтавай падрыхтоўкі, замацаванне статусу "маладога спецыяліста" за выпускнікамі, якія навучаліся на платнай аснове і звярнуліся за накіраваннем на працу, і, вядома ж, інклюзія - роўныя магчымасці для атрымання адукацыі і самаразвіцця кожнага.
Таксама падчас свайго выступу Ірына Фёдараўна адзначыла з поспехам праведзеную прыёмную кампанію-2022. Падкрэсліла і грамадска-значную дзейнасць універсітэта: праекты і ініцыятывы, валанцёрскую дзейнасць, студэнцкія атрады і ўклад універсантаў у скарбонку спартыўных дасягненняў рэгіёна і краіны.
Акрамя таго, яна звярнула ўвагу, што галоўная крыніца поспеху ўніверсітэта - гэта чалавек. Аб'ектамі кадравай палітыкі з'яўляюцца работнікі ўніверсітэта, іх развіццё і пастаяннае паляпшэнне ўмоў працы. Таксама былі названы імёны прадстаўнікоў універсітэта, якія ўдастоены ведамасных узнагарод, узнагарод мясцовых органаў улады і ўзнагарод універсітэта.
Былі названы і галоўныя дасягненні ўніверсітэта, яго акадэмічная рэпутацыя.
- Адна з нашых галоўных задач - выявіць, раскрыць і рэалізаваць патэнцыял кожнага, і гэта адпавядае Місіі ўніверсітэта. У нас створаны ўсе ўмовы для студэнтаў. І наша задача - дапамагаць ім у ажыццяўленні іх задум і ініцыятыў, - сказала Ірына Кітурка.
Сярод задач, пастаўленых рэктарам, – прасоўванне ўніверсітэта ў рэйтынгах, а таксама праца з кадравым патэнцыялам, ад якога залежыць далейшае паспяховае развіццё ўніверсітэта.
У працяг сустрэчы рэктар, праектары, а таксама ганаровыя госці мерапрыемства ўручылі работнікам універсітэта заслужаныя ўзнагароды за дасягненні ў прафесійнай дзейнасці. І па традыцыі на адрас усіх купалаўцаў прагучалі музычныя віншаванні.