Першакуснікі ваеннага факультэта прынясуць клятву на вернасць Радзіме падчас урачыстай цырымоніі, якая адбудзецца 10 верасня на Кургане Славы.
Сёлета ваенны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы прыняў 24 першакурснікі, якія будуць навучацца па спецыяльнасцях "Тылавое забеспячэнне войскаў (прадуктамі харчавання)", "Тылавое забеспячэнне войскаў (рэчавай маёмасцю)" і "Фізічная падрыхтоўка ваеннаслужачых". Упершыню сёлета разам з юнакамі прысягу прынясуць і дзяўчаты.
У жніўні курсанты праходзілі пачатковую прафесійную падрыхтоўку, у рамках якой для новага папаўнення арганізавалі заняткі па тактычнай, інжынернай, фізічнай, страявой, ваенна-медыцынскай і агнявой падрыхтоўцы.
На працягу двух тыдняў першакурснікі жылі ва ўмовах намётавага гарадка на Гожскім палігоне і асвойвалі вайсковую справу. У час заняткаў курсанты атрымалі навыкі ваеннага майстэрства, якія спатрэбяцца ім у будучай прафесійнай дзейнасці. Дарэчы, дзяўчыны нароўні з хлопцамі прайшлі ўсе нягоды палявога жыцця і выдатна сябе паказалі.
Па выніках заняткаў юнакі і дзяўчаты атрымалі заслужаныя пагоны курсантаў. А ў бліжэйшую суботу, 10 верасня, яны прымуць ваенную прысягу. Запрашаем усіх жадаючых! Пачатак урачыстай цырымоніі а 10.00!