Работнікі здраўпункта Купалаўскага ўніверсітэта правялі вакцынацыю і рэвакцынацыю ад каранавіруснай інфекцыі для ўсіх жадаючых. Працэдура прайшла ў выязным прышчэпачным пункце ў навучальным корпусе па адрасе Ажэшкі, 22.
Набліжаецца сезон прастуд і вірусных захворванняў, а таксама медыкі прагназуюць рост захворвання на каранавірусную інфекцыю. Таму спецыялісты настойліва раяць прышчапляцца. Для прастаты і зручнасці здраўпункт Купалаўскага ўніверсітэта рэгулярна арганізуе выязныя прышчэпачныя кабінеты. Традыцыйна жадаючых вакцынавацца і рэвакцынавацца было нямала. Як адзначыла загадчыца здраўпункта Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Марына Кравец, купалаўцы адказна падыходзяць да пытання свайго здароўя.
- Сёння ва ўніверсітэце вакцынавана 82% адсотка прафесарска-выкладчыцкага складу і 60% ад агульнай колькасці супрацоўнікаў. Рэвакцынаваных супрацоўнікаў ужо каля 42%. Медыкі здраўпункта рэгулярна выязджаюць у навучальныя карпусы. Не варта перажываць, калі ў вас не атрымалася прыйсці на вакцынацыю ў выязны кабінет. Супрацоўнікі прывіваюць усіх жадаючых і стацыянарна ва ўніверсітэцкім здраўпункце, - распавяла Марына Кравец.
Непаўналетнім студэнтам можна таксама прышчапляцца, толькі неабходна мець пры сабе пісьмовы дазвол бацькоў. Зрабіць прышчэпку яны могуць і ў выязным кабінеце і ў стацыянарным, а таксама ўніверсітэт арганізоўвае прышчэпачныя кампаніі для студэнтаў на базе дзіцячых паліклінік.
Перад вакцынацыяй супрацоўнікі і студэнты праходзяць першасны агляд ва ўрача-спецыяліста. Медык звяртае ўвагу на слізістыя абалонкі, артэрыяльны ціск, тэмпературу. Доктар абавязкова збірае алергалагічны анамнез. Калі ўсё ў парадку, купалаўца прывіваюць. Дарэчы, вакцынавацца могуць і непаўналетнія студэнты пры наяўнасці пісьмовага дазволу ад бацькоў.
Медыкі нагадваюць, што пры павышэнні тэмпературы цела пасля прышчэпкі не трэба хвалявацца. Гэта звычайная рэакцыя на кампаненты вакцыны, яна пройдзе за пару дзён.
Для таго, каб прыйсці і вакцынавацца, папярэдні запіс не патрэбны.