Першакурснікі ваеннага факультэта прынеслі клятву на вернасць Радзіме падчас урачыстай цырымоніі, якая адбылася 10 верасня на Кургане Славы. Гэты дзень заўсёды хвалюючы не толькі для курсантаў і іх бацькоў, але і для ўсяго ўніверсітэта! У гэтым годзе ўрачыстая цырымонія была асаблівая, бо ўпершыню ў гісторыі факультэта прысягу прынялі дзяўчаты.
Сярод ганаровых гасцей на прыняцці прысягі былі намеснік начальніка тылу Узброеных Сіл па будаўніцтве і раскватараванні войскаў Міністэрства абароны Сяргей Шышоў, генеральны дырэктар Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства гандлёва-вытворчага ўпраўлення "ВАЕНСЭРВІС" Юрый Мацяюк, камісар ваеннага камісарыята Гродзенскай вобласці Вячаслаў Раманенка, - начальнік упраўлення тылу Заходняга аператыўнага камандавання Сяргей Грынюк і іншыя.
Сёлета ваенны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы прыняў 24 першакурснікі, якія будуць навучацца па спецыяльнасцях "Тылавое забеспячэнне войскаў (прадуктамі харчавання)", "Тылавое забеспячэнне войскаў (рэчавай маёмасцю)" і "Фізічная падрыхтоўка ваеннаслужачых".
- Прысягу прынялі 22 першакурснікі, таму што двое курсантаў паступілі да нас з войскаў і прынялі яе раней. І хлопцы, і дзяўчаты будуць вучыцца па аднолькавай вучэбнай праграме. Адзінае адрозненне - розныя нарматывы фізічнай падрыхтоўкі. Дарэчы, дзяўчаты ўжо выдатна сябе праявілі, яны з вялікай стараннасцю і цікавасцю навучаюцца і ні ў чым не саступаюць хлопцам, - распавёў начальнік ваеннага факультэта палкоўнік Лявонцій Паўлаў.
У жніўні курсанты праходзілі пачатковую прафесійную падрыхтоўку, у рамках якой для новага папаўнення арганізавалі заняткі па тактычнай, інжынернай, фізічнай, страявой, ваенна-медыцынскай і агнявой падрыхтоўцы. На працягу двух тыдняў першакурснікі жылі ва ўмовах намётавага гарадка на Гожскім палігоне і асвойвалі вайсковую справу. У час заняткаў курсанты атрымалі навыкі ваеннага майстэрства, якія спатрэбяцца ім у будучай прафесійнай дзейнасці.
З цёплымі словамі да ўсіх удзельнікаў урачыстай цырымоніі звярнулася рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка. Яна адзначыла, што прыняцце прысягі заўсёды вялікае свята для ўніверсітэта.
- Дарагія першакурснікі, я ад усёй душы віншую вас з гэтай знамянальнай падзеяй! Сёння вы паставілі самы важны подпіс, які гаворыць аб вашай вернасці краіне, народу, канстытуцыйнаму ладу. Распісвацца вы будзеце шмат разоў, у самых розных дакументах, але гэты подпіс змяніў ваша жыццё назаўжды. Я віншую вас з тым, што вы вучыцеся на найлепшым ваенным факультэце. І гэта не мы далі сабе гэты тытул - нашы поспехі адзначаны на рэспубліканскім узроўні. Вы навучаецеся самай мірнай ваеннай прафесіі, ад якой шмат што залежыць. Бо моцнае войска - гэта моцны тыл, - адзначыла Ірына Фёдараўна.
Натуральна, вельмі шчаслівыя і ганарлівыя курсанты. Вікторыя Яроміна, не хаваючы эмоцый, з шырокай усмешкай падзялілася сваімі ўражаннямі пасля завяршэння ўрачыстай цырымоніі. Дарэчы, дзяўчына натхнілася прыкладам бацькі:
- Хваляванне, вядома, было! Бо сённяшні дзень асабліва важны ў жыцці любога вайскоўца. Вельмі радая, што ў мяне атрымалася паступіць на ваенны факультэт Купалаўскага ўніверсітэта, і я спадзяюся, што ўсё складзецца ў мяне выдатна.
Не менш эмоцый адчуваў і Барыс Бараноўскі. Малады чалавек адзначыў, што гэты дзень назаўжды застанецца ў яго памяці, і ён пранясе яго праз усё сваё жыццё.
- Сёння ў мяне і маіх таварышаў пачаўся адлік зусім новага жыцця. З гэтага дня мы адказныя ня толькі за сябе, але і за Радзіму і беларускі народ. І я заўсёды адчуваў у сабе сілы для гэтай нялёгкай справы. Я з вялікім гонарам буду служыць на карысць краіны, - падзяліўся малады чалавек.
Першакурснікам трэба прайсці вялікі шлях, перш чым яны пакінуць сцены роднага ўніверсітэта. На працягу чатырох гадоў пад чулым кіраўніцтвам афіцэрскага складу ваеннага факультэта яны будуць спасцігаць ваенную справу і старанна працаваць!