Рэспубліканская дыктоўка адбылася напярэдадні Дня народнага адзінства і прымеркавана менавіта да гэтага свята. Удзельнікам дыктоўкі стаў Міністр адукацыі Рэспублікі Беларусь Андрэй Іванец. Тэкст пад назвай «Дзень народнага адзінства» напісалі людзі па ўсёй краіне, яны далучыліся да відэа-трансляцыі на YouTube! Прадыктаваў яго старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч.
Дыктоўку у Купалаўскім універсітэце напісалі на ўсіх факультэтах, а таксама ў каледжах нашага ўніверсітэта. Праверыць сябе мог любы жадаючы. Як расказаў дырэктар навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы Мікалай Грынько, удзел у дыктоўцы прынялі звыш пяцісот купалаўцаў.
– Наш універсітэт актыўна далучаецца да акцый і мерапрыемстваў, накіраваных на папулярызацыю беларускай мовы, а таксама выступае іх арганізатарам. Напрыклад, у лютым Купалаўцы далучаюцца да вялікага шэрагу ўніверсітэцкіх актыўнасцяў, прымеркаваных да Дня роднай мовы. І мы ўсе з вялікай радасцю і жаданнем напісалі дыктоўку, якая прысвечана Дню народнага адзінства, – расказаў Мікалай Грынько.
Гэтая дыктоўка запусціць цэлую серыю мерапрыемстваў, якія будуць аб'яднаны ў Тыдзень беларускай мовы. Напрыклад, будуць арганізаваныя тэматычныя кніжныя выстаўкі, анлайн-чэлендж «Льецца мова», акцыя «Размаўляй са мной па-беларуску» і шмат іншага!
Сярод тых, хто далучыўся да напісання дыктоўкі былі і супрацоўнікі структурных падраздзяленняў, і выкладчыкі, і студэнты. Усе яны тонка адчуваюць асноўны пасыл дадзенага мерапрыемства. Так, студэнтка філалагічнага факультэта Вольга Навіцкая адзначыла, што 17 верасня 1939 года назаўседы ўвайшло ў гісторыю і мае сакральнае значанне для беларусаў.
– Дзень народнага адзінства нагадвае нам усім, як цяжка нам здабыўся наш суверэнітэт і што ўсім нам, і асабіста моладзі, трэба яго берагчы. Вельмі правільна запытаць у самога сябе, што я магу зрабіць, каб мая краіна квітнела? І сённяшняя дыктоўка яшчэ раз нагадвае ў чым сэнс Дня народнага адзінства, што такое твая краіна, горад, вёска, родная хата. Таму я з вялікім здавальненнем далучылася да напісання дыктоўкі, – падзялілася Вольга.