15 верасня ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы стартаваў Рэспубліканскі інтэлектуальна-спартыўны турнір «Беларусь: Адзінства. Незалежнасць. Будучыня», які сабраў шэсць каманд з вядучых універсітэтаў нашай краіны.
Другі дзень турніру быў поўны цікавых падзеяў! Раніца ўдзельнікаў пачалася з афіцыйнага адкрыцця мерапрыемства, ганаровым госцем якога стаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык. Ён зазначыў, што купалаўцы маюць сур'ёзны вопыт у арганізацыі маштабных патрыятычных мерапрыемстваў.
- Спадзяюся, што гэты спартыўна-інтэлектуальны турнір стане традыцыйным і будзе з году ў год збіраць крэатыўную і актыўную моладзь нашай краіны. Сімвалічна, што мерапрыемства праводзіцца напярэдадні аднаго з найважнейшых для нашай краіны дзяржаўнага свята - Дня народнага адзінства. Жадаю ўсім удзельнікам удачы. І няхай пераможа наймацнейшы! - звярнуўся да моладзі Руслан Абрамчык.
Прарэктар па выхаваўчай рабоце Васіль Сянько звярнуў увагу на тое, што асаблівасць гэтага турніру ў тым, што каманды фарміраваліся са студэнтаў і маладых выкладчыкаў, якія яшчэ ўчора сядзелі за студэнцкай партай.
- Інтэлектуальна-спартыўны турнір, несумненна, паслужыць дадатковым імпульсам у фарміраванні пачуцця патрыятызму не толькі ва ўдзельнікаў спаборніцтваў, але і ў тых, хто будзе назіраць за іх ходам, хварэць за сваіх родных, блізкіх і сяброў, - падкрэсліў Васілій Сянько.
У барацьбе сышліся Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Брэсцкі дзяржаўны тэхнічны ўніверсітэт, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Беларуская дзяржаўная ордэнаў Кастрычніцкай Рэвалюцыі і Працоўнага Чырвонага Сцяга сельскагаспадарчая акадэмія, Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя І.П. Шамякіна і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.
Акрамя ўрачыстага адкрыцця ў праграме другога дня ўдзельнікі мелі яшчэ шмат актыўнасцяў. Яны высвятлялі, хто лепш гуляе ў лапту і гарадкі, перацягвалі канат, прымалі ўдзел у спартыўнай эстафеце. Сілу розуму рабяты правяралі ў конкурсах "Свая гульня" і "Інтэлектуальны трыятлон".
Усе ўдзельнікі былі настроены сур'ёзна і былі поўныя энергіі. Думаем, гэтаму паспрыяў насычаны першы дзень спаборніцтваў! Каманды шасці ўніверсітэтаў прадставілі сваіх эрудытаў для мазгавога штурму ў гульні «Што? Дзе? Калі?». Для інтэлектуальных лідпараў былі прапанаваны пытанні, звязаныя з асноватворнымі датамі, падзеямі і гістарычнымі дзеячамі Беларусі.
- У такога роду мерапрыемстве прымаю ўдзел не першы раз, - падзялілася спецыяліст кафедры ўзроставай і педагагічнай псіхалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Алена Маркевіч. - Вельмі сімвалічна, што тэматыка і пытанні інтэлектуальнай гульні прысвечаны гістарычнаму шляху стварэння незалежнай беларускай дзяржавы. Сёння мы вельмі рады вітаць прадстаўнікоў ВНУ з усёй Рэспублікі і спадзяемся, што дзякуючы нашай гасціннасці, адкрытасці і здаровай барацьбе ў рабят застануцца толькі пазітыўныя ўражанні!
Горача было і на конкурсе дэбатаў. У якасці журы былі запрошаны першы сакратар Гродзенскага гарадскога камітэта ГА "БРСМ" Арцём Макарэвіч, намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі РГА "Белая Русь" Святлана Вараніца і старшы выкладчык кафедры міжнароднага права Алена Корнева.
Падчас напружанага спаборніцтва, шэрагу моцных довадаў і высокіх думак журы ўдалося вызначыць дзве каманды, якія прайшлі ў фінал - гэта студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы і студэнты Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі.
Прыемным завяршэннем дня для ўдзельнікаў турніру стала экскурсія па начным Гродне. Таямнічы і поўны славутасцяў горад сустрэў рабят ветліва. Вузкія і незвычайна ўтульныя вулачкі так і вабілі студэнтаў і выкладчыкаў.
– Гродна – адзін з маіх любімых гарадоў! Прыемна, што менавіта гэтае месца стала кропкай прыцягнення студэнтаў з розных ВНУ Беларусі, - падзяліўся эмоцыямі асістэнт кафедры трактароў і аўтамабіляў Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Руслан Даргель. - Хацелася б адзначыць высокі ўзровень арганізацыі мерапрыемства і насычанасць праграмы. Прыемна бачыць, як выкладчыкі працуюць і думаюць у адным ключы са студэнтамі. Вельмі выдатна, што ў праграму спартова-інтэлектуальных спаборніцтваў уключаны і культурны кампанент. Таму што Гродна - гэта горад, у якім кожная вуліца і кожны будынак прасякнуты гісторыяй. Мы - каманда "Акадэмікі" - жадаем усім удзельнікам сумленнай барацьбы і яркіх уражанняў на дадзеным мерапрыемстве!
Наперадзе ў рабят яшчэ адзін турнірны дзень! 17 верасня, у Дзень народнага адзінства, у межах інтэлектуальна-спартыўнага турніру «Беларусь: Адзінства. Незалежнасць. Будучыня» пройдзе гульня «Знаўцы горада Гродна», урачысты мітынг і ўскладанне кветак да Вечнага агню ў парку Жылібера, а таксама ўрачыстае закрыццё спаборніцтваў.