Усяго ў злёце прынялі ўдзел каля 300 чалавек з розных ВНУ краіны. З 15 па 17 верасня жыццё студэнтаў напоўнілася асаблівай рамантыкай, якая нагадала аб мінулым леце.
Рэспубліканскі турысцкі злёт студэнтаў рэспубліканскай універсіяды - 2022 праходзіў у Бярэзінскім раёне Мінскай вобласці ў вёсцы Жорнаўка. Гэтая падзея заўсёды чаканая ў студэнцкім асяроддзі, бо шмат хто чуў цудоўныя гісторыі ад бацькоў, якія ў свой час таксама бывалі на падобных мерапрыемствах. Да таго ж злёт размясціўся ў неверагодна маляўнічым месцы - высокія хвоі і цікавыя ландшафты сталі выдатнай дэкарацыяй для спаборніцтваў.
Праграма злёту ўключала спартыўную і конкурсную праграмы. У першую ўваходзілі спаборніцтвы па спартыўным арыентаванні, турысцка-прыкладным мнагаборстве ў тэхніцы пешаходнага, воднага, веласіпеднага турызму. Конкурсная праграма злёту складалася са спаборніцтваў "Спяемце сябры", "Прадстаўленне каманд", на лепшую газету "Будні злёту", "Турысцкія навыкі і побыт".
У каманду купалаўцаў на турзлёце ўвайшлі студэнты факультэта фізічнай культуры, факультэта матэматыкі і інфарматыкі, факультэта мастацтваў і дызайну, ваеннага факультэта. Трэнерамі купалаўцаў былі дацэнты кафедры спартыўных дысцыплін Валерый Сухецкі і Віталь Тарасаў.
Акрамя прызавога месца купалаўцы прывезлі з сабой мора уражанняў і пазітыву, якія дададуць фарбаў працоўным будням.
Ад усёй душы віншуем купалаўцаў з перамогай і жадаем далейшых спартовых перамог!