Выданнем кнігі займаўся аўтарскі калектыў, які складаецца з вучоных ГрДУ імя Янкі Купалы, а яго кіраўніком выступіла Ірына Кітурка, рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Кніга раскрывае асноўныя вехі гістарычнага шляху Гродзенскай зямлі. Гэты рэгіён па праве можна назваць самым шматнацыянальным у нашай краіне. У выданні апісваецца станаўленне гэтай этнакультурнай разнастайнасці.
Рэцэнзентамі манаграфіі сталі памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў і дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза. Кніга выйшла ў свет пад навуковай рэдакцыяй старшыні Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктара Лісковіча.
Удзельнікамі прэзентацыі сталі аўтары, прадстаўнікі ўлады і СМІ, студэнты і выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы. Да ўдзельнікаў падзеі звярнуўся Юрый Караеў, які падзякаваў аўтарскаму калектыву за праведзеную працу.
- Я ўпэўнены, што і цяперашняе, і будучае пакаленні будуць чытаць манаграфію з вялікім задавальненнем. Вельмі ўдзячны за запрашэнне Ірыны Фёдараўны стаць рэцэнзентам. Рады таму, што магу лічыць сябе датычным да гэтага выдатнага выдання, - адзначыў Юрый Караеў.
Як расказаў дэкан факультэта гісторыі камунікацыі і турызму Віктар Белазаровіч, работа над манаграфіяй аб'яднала культуролагаў і гісторыкаў. Кніга адрозніваецца ад выданняў, якія выходзілі раней, бо раскрывае не толькі гераічнае мінулае Прынёманскага краю, але і яго сучаснасць.
- Кніга апавядае пра людзей, якія беражліва захоўваюць традыцыі міжкультурнага ўзаемадзеяння адзінай беларускай сям'і. Праз іх аўтары апісваюць культурныя традыцыі, якія займаюць немалую частку ў новым выданні. Варта адзначыць, што прэзентацыя праходзіць у знакавы дзень. Зусім нядаўна Беларусь адзначыла Дзень народнага адзінства, і кнігу смела можна назваць лагічным працягам гэтага свята, - распавёў Віктар Белазаровіч.
Зусім нармальна «пераадкрываць» гісторыю, глядзець на падзеі, якія адышлі па-новаму, адзначыў дацэнт кафедры турызму і культурнай спадчыны Сяргей Данскіх, член аўтарскага калектыву манаграфіі. Кожная эпоха вядзе свой дыялог з мінулым.
– Аўтары кнігі зрабілі пошук тых сімвалаў і значных падзей, якія з'яўляюцца аб'яднаўчымі кропкамі шматнацыянальнага Прынёманскага краю, які на працягу ўсёй сваёй гісторыі быў полікультурным. Натуральна, даследаванні будуць працягнуты. Бо перад вучонымі ляжыць плённы матэрыял, апрацоўка якога можа падарыць яшчэ нямала выдатных выданняў. Тым больш, што ўжо праз 6 гадоў Гродна адзначыць сваё 900-годдзе. Упэўнены, што гэтая дата падштурхне на рэалізацыю буйных праектаў, - падзяліўся Сяргей Данскіх.
Пра важнасць выдання гаварыла і галоўны рэдактар АУІРП “Рэдакцыя газеты “Гродзенская праўда” Лілія Навіцкая. На тэрыторыі нашай вобласці пражывае больш за сотню нацыянальнасцей, а Гродна з'яўляецца сталіцай Фестывалю нацыянальных культур.
- Тэмы, якія падымаюцца ў манаграфіі, заўсёды будуць важныя для жыхароў Прынямоння. Усё, што напісана на гэтую тэму, мае вылучную актуальнасць. Вельмі сімвалічна, што кніга выйшла менавіта ў Год народнай еднасці. Упэўнена, што ў кожнай сям'і ёсць людзі розных нацыянальнасцяў, і мы не па чутках ведаем пра культурны дыялог. Акрамя таго, манаграфія змяшчае ў сабе апавяданні аб знакамітых гродзенцах - прадстаўніках розных нацый. Мы заўсёды жылі ў міры і сяброўстве, і так павінна працягвацца, бо пакуль мы адзіныя, ніякія выпрабаванні нам не страшныя, - падзялілася Лілія Навіцкая.
Манаграфія “Зямля дружбы і славы: нарысы гісторыі этнакультурнай разнастайнасці і адзінства народаў Гродзенскай вобласці” выклікала цёплы водгук ва ўсіх удзельнікаў прэзентацыі выдання. У завяршэнні мерапрыемства прарэктар па выхаваўчай рабоце Васілій Сянько падзякаваў удзельнікам мерапрыемства ад імя Ірыны Фёдараўны за ўвагу да выдання.