Сустрэча старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алены Пасюты са студэнтамі адбылася ў рамках рэалізацыі праекта "Маладзёжнае медыяасяроддзе" 30 верасня.
У дыялогавай пляцоўцы прынялі ўдзел галоўны рэдактар газеты "Гродзенская праўда" Лілія Навіцкая, загадчык кафедры журналістыкі Іна Мінчук, дацэнт кафедры журналістыкі Тамара Піваварчык, а таксама студэнты-купалаўцы.
Прывітаў усіх прысутных ад імя рэктара ўніверсітэта Ірыны Кітурка прарэктар па выхаваўчай працы Васіль Сянько.
Як адзначыла старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, галоўная мэта сустрэчы - выйсці на актыўны дыялог з моладдзю, якая ўжо вызначылася з будучай прафесіяй і выбудавала стратэгію жыццёвага шляху. Актыўна працаваць і весці тлумачальную работу неабходна і для таго, каб расказваць аб поспехах і дасягненнях сацыяльна-эканамічнага развіцця нашага рэгіёну і краіны ў цэлым:
- Свет неспакойны, і неабходна разумець, у чым заключаецца сутнасць стабільнасці. Моладзь - гэта стратэгічны рэсурс, людзі асаблівага статусу, з якімі трэба паважліва размаўляць на іх мове. Трэба фармаваць жаданне праяўляць ініцыятыву. Адзін з напрамкаў, які замацаваны маладзёжнай палітыкай, - гэта фарміраванне патрыятычнага выхавання і арганізацыя патрыятычных клубаў. Упэўнена, што ў Купалаўскім універсітэце гэтаму пытанню надаюць вялікую ўвагу і гэта робіцца сістэмна.
Сустрэча прайшла ў форме адкрытага дыялога. На пачатку свайго выступу Алена Пасюта павіншавала ўвесь педагагічны калектыў універсітэта, а таксама студэнтаў – будучых педагогаў – з надыходзячым прафесійным святам Днём настаўніка і расказала пра сваю педагагічную дзейнасць. Пасля заканчэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы яна працавала настаўнікам беларускай мовы і літаратуры, затым дырэктарам Шчучынскай гімназіі, а з 2018 года - намеснікам старшыні Шчучынскага райвыканкама, курыравала сацыяльную сферу.
Падчас сустрэчы ўдзельнікі гаварылі аб тых праблемных пытаннях, з якімі сутыкаецца моладзь, аб важнасці працы ў сетцы, абмяркоўвалі пытанні гістарычнай памяці і гістарычнай праўды, закранулі палітычныя тэмы, якія хвалююць усіх у цяперашні час.
Удзельнікі дыялогу мелі магчымасць задаць пытанні, якія іх цікавяць. Яны датычыліся асаблівасцей беларускай адукацыі, актыўнасці мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года гістарычнай памяці, змяненняў у Кодэксе аб адукацыі, а таксама студэнты пыталіся пра асабістыя акаўнты старшыні Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Алены Пасюты ў сацсетках.
Напрыканцы сустрэчы госця падзякавала прысутным за цікавую гутарку і выказала жаданне прадоўжыць зносіны з моладдзю па растлумачэнні новых значных дзяржаўных рашэнняў, якія прымаюцца цяпер, не толькі афіцыйна за круглым сталом, але і ў звыклай для моладзі форме – у мэсэнджэрах і сацыяльных сетках.