Святочныя мерапрыемствы праходзяць у ГрДУ імя Янкі Купалы на працягу ўсяго тыдня. Ва ўніверсітэце ўжо даўно стала добрай традыцыяй маштабна адзначаць гэтае светлае і цёплае свята.
Нязменнай папулярнасцю карыстаецца акцыя «Адпраў паштоўку маме». Усім ахвочым сёння прапанавалі падпісаць мілую святочную паштоўку і адправіць яе маме ў любую кропку краіны. Дзеля гэтага нікуды не трэба ісці! Дастаткова было ўсё падпісаць, а валанцёры аднясуць усе віншаванні на пошту і адправяць іх!
У гэты святочны дзень купалаўцаў запрасілі згуляць у інтэрактыўную гульню "Каробка з віншаваннем". Выкладчыкам і студэнтам прапанавалі выцягнуць фанты і выканаць заданні. Напрыклад, патэлефанаваць маме па відэасувязі ці адправіць вызначанае паведамленне. За гэта ўдзельнікі атрымалі невялікі салодкі сюрпрыз.
Важнай падзеяй стала выязная акцыя, якую арганізавалі прадстаўнікі факультэта эканомікі і кіравання і факультэта мастацтваў і дызайну сумесна з першаснай арганізацыяй Купалаўскага ўніверсітэта грамадскага аб'яднання «Беларускі саюз жанчын» у дапаможнай школе №1 Гродна, дзе навучаюцца дзеці з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Навучэнцы Гуманітарнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы падрыхтавалі макеты паштовак, у якіх дзеці з дапамогай валанцёраў выказалі сваю любоў да мам. Усяго было падпісана каля 200 паштовак. Акрамя таго, купалаўцы арганізавалі для навучэнцаў дапаможнай школы №1 "вольны мікрафон". Дзеці спявалі, расказвалі вершы, а валанцёры дарылі ім сувеніры.
Таксама ва ўніверсітэце адбыўся конкурс відэаролікаў "Маме прысвячаецца…" ад Цэнтра студэнцкіх ініцыятыў. Прыняць удзел маглі і замежныя студэнты, якія жадалі перадаць словы падзякі сваім мамам за дабро, пяшчоту і ласку, якую яны дораць нам, і нічога не патрабуюць узамен.