Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Генеральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь праводзіць агульнарэспубліканскі конкурс эскізных праектаў памятнага знака ахвярам генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Мэта конкурсу - пошук найбольш выразнага вобразнага рашэння, якое сродкамі манументальнага мастацтва адлюструе трагічныя падзеі, звязаныя з масавым знішчэннем мільёнаў мірных грамадзян нацысцкімі злачынцамі і іх саўдзельнікамі на беларускай зямлі ў гады Вялікай Айчыннай вайны.
Да ўдзелу ў конкурсе запрашаюцца аўтары або аўтарскія калектывы са скульптараў і архітэктараў, а таксама грамадзяне нашай краіны, блізкага і далёкага замежжа, якія не маюць спецыяльнай адукацыі. Вітаецца ўдзел як калектываў навучальных устаноў, так і асобных навучэнцаў, студэнтаў, настаўнікаў і выкладчыкаў.
Правядзенне гэтага мерапрыемства ў Год гістарычнай памяці з шырокім народным абмеркаваннем накіравана на пошук нацыянальнай ідэі, фарміраванне аб'ектыўных адносін грамадства да гістарычнага мінулага, захаванне і ўмацаванне адзінства беларускага народа.
Заяўкі на ўдзел і эскізныя праекты прымаюцца да 1 лістапада 2022 года. Падрабязная інфармацыя аб конкурсе, яго ўмовах, крытэрыях і парадку ацэнкі прадстаўленых удзельнікамі матэрыялаў, тэрміны аб'яўлення вынікаў, а таксама іншыя неабходныя звесткі размешчаны на афіцыйных сайтах Міністэрства культуры і Генеральнай пракуратуры.