На пасаду першага прарэктара быў прызначаны Аляксандр Карэўскі, які дагэтуль узначальваў факультэт біялогіі і экалогіі.
Прадстаўляючы новага першага прарэктара, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка адзначыла, што Аляксандр Яўгенавіч выдатна сябе зарэкамендаваў на пасадзе дэкана факультэта біялогіі і экалогіі. Яшчэ больш поўна ўсе свае магчымасці ён прадэманстраваў, працуючы адказным сакратаром прыёмнай камісіі.
- Аляксандра Яўгенавіча я ведаю вельмі даўно як чалавека адказнага, які заўсёды імкнецца да новых ведаў і хоча вучыцца. Гэтыя якасці, несумненна, дапамогуць яму на новай пасадзе, - адзначыла Ірына Фёдараўна.
Першы прарэктар падзякаваў за гэты гонар заняць такую высокую пасаду. Ён адзначыў, што прыкладзе ўсе намаганні для таго, каб яго работа ішла на карысць Купалаўскага ўніверсітэта.
- Мой шлях ва ўніверсітэце пачаўся ў 1991 годзе, на факультэце даўніверсітэцкай падрыхтоўкі ў якасці слухача. За плячыма вялікі шлях і ён пройдзены дзякуючы людзям, якія былі побач са мной. Я ведаю, што магу прыйсці па дапамогу і параду да маіх калег і заўсёды знайду водгук. Упэўнены, што разам у нас атрымаецца зрабіць наш універсітэт яшчэ лепшым, - падзяліўся Аляксандр Яўгенавіч.
Аляксандр Карэўскі ў 1997 годзе скончыў біялагічны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У 2004 годзе абараніў кандыдацкую дысертацыю па тэме "Уплыў розных доз комплексных мікраўгнаенняў на мікрафауну глеб". У 2008 годзе яму было прысвоена вучонае званне дацэнта.
У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працуе з 1997 года, з кастрычніка 2004 года быў намеснікам дэкана факультэта біялогіі і экалогіі па вучэбнай рабоце, з кастрычніка 2017 года - дэкан факультэта.
Асноўныя напрамкі навуковых даследаванняў у галіне экатаксікалогіі, біяіндыкацыі і біятэставання забруджвання наземных і водных экасістэм. З'яўляўся кіраўніком навуковых грантаў Міністэрства адукацыі і Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследванняў.