Сустрэча сакратара ЦВК са студэнтамі і выкладчыцкім складам юрыдычнага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта адбылася 1 лістапада.
Прывітала гасцей мерапрыемства рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Прадстаўляючы сакратара ЦВК РБ Алену Балдоўскую будучым юрыстам, Ірына Фёдараўна адзначыла важнасць мерапрыемства па абмеркаванні праекта закона "Аб змене Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь" і падзякавала госцю за візіт.
Змяненні і дапаўненні ў Асноўны закон нашай краіны пацягнулі неабходнасць карэкціроўкі, у тым ліку Выбарчага кодэкса, - адзначыла сакратар ЦВК у сваім выступленні і падрабязна расказала аб навацыях у Выбарчым кодэксе і асаблівасцях работы Цэнтральнай камісіі.
Як адзначыла эксперт, для кандыдатаў у прэзідэнты павялічаны ўзроставы цэнз да 40 гадоў і да 20 гадоў - цэнз аселасці, устаноўлена не больш за два прэзідэнцкія тэрміны, на якія можа быць абрана адна і тая ж асоба. Па новым законапраекце асобам, у адносінах да якіх выбрана мера стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай, прадастаўлена права прымаць удзел у галасаванні. Кодэкс дапаўняецца асобным раздзелам, які вызначае парадак абрання дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу ад мясцовых саветаў дэпутатаў і грамадзянскай супольнасці. Рэгламентаваны працэдуры прызнання выбараў прэзідэнта, членаў Савета Рэспублікі, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў неканстытуцыйнымі або нелегітымнымі.
- Таксама з новаўвядзенняў - не будуць утварацца ўчасткі для галасавання за мяжой. У сувязі з маючым адбыцца адзіным днём галасавання ў праекце зменена сістэма выбарчых камісій, што дасць магчымасць рацыянальна выкарыстоўваць чалавечыя рэсурсы і скараціць расходы бюджэту на фінансаванне выбараў, - падкрэсліла сакратар ЦВК.
Алена Балдоўская звярнула ўвагу і на тое, што з мэтай забеспячэння аднастайных падыходаў да працэдурных пытанняў прапануецца адмяніць парог яўкі на выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў па аналогіі з выбарамі ў мясцовыя саветы. Зменена колькасць подпісаў выбаршчыкаў, неабходных для вылучэння кандыдатам у дэпутаты мясцовага савета дэпутатаў: 1 працэнт ад выбаршчыкаў, якія пражываюць на тэрыторыі гэтай выбарчай акругі, але не менш як 10 подпісаў.
Прапанавана пры складанні спісаў выбаршчыкаў выкарыстоўваць даныя рэгістра насельніцтва, што спросціць і паскорыць працэс складання спісаў і ў далейшым будзе садзейнічаць стварэнню і выкарыстанню рэгістра выбаршчыкаў. Таксама, паводле слоў Алены Балдоўскай, будзе прадоўжана работа па аўтаматызацыі рабочых месц членаў выбарчых камісій, пры арганізацыі галасавання прапануецца ўстанавіць забарону на вынас выдадзеных бюлетэняў, на фота- і відэаздымку запоўненых бюлетэняў. Зменены выбарчыя фонды кандыдатаў.
У фармаце адкрытага мікрафона студэнты маглі задаць пытанні спікеру: якія найбольш частыя парушэнні пры правядзенні галасавання выяўляюцца, які від пакарання будзе прыменены да грамадзян, якія парушылі забарону на фота- і відэаздымку запоўненых бюлетэняў, які механізм будзе прымяняцца для адсочвання фота- і відэаздымкі бюлетэняў, чым абгрунтавана павелічэнне ўзроставага цэнзу і цэнзу аселасці для кандыдатаў у прэзідэнты і іншыя многія.
Напрыканцы сустрэчы госця падзякавала студэнтам за актыўнасць і пажадала моцнага здароўя, паспяховай вучобы, а таксама нагадала, што да 2 лістапада ўключна на сайце pravo.by прымаюцца прапановы па змяненні Выбарчага кодэкса і закону аб УНС.