У 2022/2023 навучальным годзе Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы праводзіць першую шматпрофільную ўніверсітэцкую алімпіяду, пераможцы якой (дыпломы I, II, III ступені) у 2023 годзе змогуць стаць студэнтамі-купалаўцамі без уступных экзаменаў і ЦТ!
Шматпрофільная універсітэцкая алімпіяда з'яўляецца масавай і адкрытай. Зарэгістравацца на алімпіяду можна ўжо сёння – рэгістрацыя адкрыта з 10 лістапада. А завочны этап стартуе ўжо 21 лістапада! З графікам правядзення профільных алімпіяд можна азнаёміцца ТУТ.
Парадак правядзення ўніверсітэцкіх алімпіяд, пералік ВНУ і спецыяльнасцей для залічэння без уступных іспытаў вызначаны Пастановай Міністэрства адукацыі нумар 264 ад 12.08.2022.
Шматпрофільная ўніверсітэцкая алімпіяда ГрДУ імя Янкі Купалы ўключае ў сябе ў 2023 годзе профільныя алімпіяды па 6 вучэбных прадметах: біялогія, гісторыя Беларусі, руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура, матэматыка і фізіка.
Уладальнікі дыпломаў I, II, III ступені змогуць паступіць на 17 з 54 спецыяльнасцей Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы без уступных іспытаў. Удзельнікамі ўніверсітэцкай алімпіяды могуць стаць навучэнцы 11 класаў устаноў адукацыі агульнай сярэдняй адукацыі Рэспублікі Беларусь.
Профільныя алімпіяды па вучэбных прадметах у ГрДУ імя Янкі Купалы будуць праходзіць у два этапы - завочны ў лістападзе-снежні і заключны этап, вочны, у лютым. У пачатку вясны пераможцаў, якія атрымаюць права залічэння ў Купалаўскі ўніверсітэт без уступных іспытаў, будуць ушаноўваць ва ўрачыстай абстаноўцы.
Інфармацыя аб умовах і парадку правядзення, удзелу і рэгістрацыі размяшчаецца на сайце Абітурыент – 2023 (abit.by) Купалаўскага ўніверсітэта ў раздзеле «Шматпрофільная алімпіяда ГрДУ імя Янкі Купалы».