Напярэдадні Дня юрыста ў Купалаўскім універсітэце адбылася сустрэча прадстаўнікоў Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў з выкладчыкамі і студэнтамі ГрДУ імя Янкі Купалы.
Як адзначыў старшыня Гродзенскай абласной калегіі адвакатаў Вадзім Чарапіца, супрацоўніцтва калегіі адвакатаў і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы мае даўнюю гісторыю - некалькі дзясяткаў гадоў з моманту заснавання юрыдычнага факультэта. Акрамя таго, больш за 80% кадравага складу калегіі - выпускнікі-купалаўцы.
- Падпісанае пагадненне дало старт новым вектарам супрацоўніцтва. Цяпер мы будзем яшчэ больш шчыльна працаваць над павышэннем кваліфікацыі студэнтаў, іх прафесійнай арыентацыяй. Атрыманы новы імпульс сумеснай работы ў сферы практыка-арыентаванай адукацыі, - расказаў Вадзім Чарапіца.
Як расказала дэкан юрыдычнага факультэта Святлана Чабуранава, Гродзенская абласная калегія адвакатаў з'яўляецца не толькі заказчыкам кадраў, але і прымае актыўны ўдзел у адукацыйным працэсе, дае месцы для праходжання практыкі студэнтам.
- Упэўненыя, што дадзеная дамова будзе карысная як універсітэту, так і калегіі. Мы прапануем удзельнічаць у рэалізацыі ўжо існуючых праектаў і, вядома, будзем працаваць над новымі ідэямі, тым больш прадстаўнікі калегіі адвакатаў заўсёды адкрыты да супрацоўніцтва, - адзначыла Святлана Чабуранава.
Важнай часткай сустрэчы стаў адкрыты дыялог, падчас якога ўсе прысутныя маглі абмяняцца меркаваннямі, задаць пытанні і выказаць свае прапановы.