Рэспубліканская навукова-практычная інтэрнэт-канферэнцыя студэнтаў і маладых даследчыкаў "Медыякамунікацыі ў ХХI стагоддзі: традыцыі і навацыі" адбылася ў ГрДУ імя Янкі Купалы пяты раз.
Кафедра журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму сабрала маладых даследчыкаў, сферай інтарэсаў якіх з'яўляюцца медыя: праблемы мовы, стылю і творчага метаду, мадыфікацыя традыцыйных і ўзнікненне новых жанраў і фарматаў, рэалізацыя маркетынгавых камунікацый у інтэрнет-асяроддзі, інавацыйныя спосабы ўпакоўкі і дыстрыбуцыі медыятэкстаў спецыфіка адлюстравання гістарычных падзей у медыя, а таксама працэсы медыятызацыі культурных практык.
У гэтым годзе ў сувязі з 15-годдзем кафедры журналістыкі было прынята рашэнне аб уключэнні ў праграму канферэнцыі секцыі "Гісторыя журналістыкі Гродзеншчыны і роля кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы ў развіцці журналісцкай адукацыі ў рэгіёне".
У 2023 годзе канферэнцыя аб'яднала больш за 70 удзельнікаў з розных ВНУ краіны: ГрДУ імя Янкі Купалы, Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Еўфрасінні Полацкай, Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А.С. Пушкіна, Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М. Машэрава. Традыцыйна да канферэнцыі далучаюцца юныя даследчыкі – навучэнцы школ і гімназій, а таксама іх настаўнікі, якія прадстаўляюць свой погляд на медыяпрастору Беларусі, праблемы медыяадукацыі і медыяпісьменнасці.
У рамках канферэнцыі адбыўся круглы стол “І памяць сэрца гаворыць: патрыятычнае выхаванне студэнцтва на гераічных традыцыях старэйшых пакаленняў”, арганізаваны прафесарам кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін, доктарам гістарычных навук, прафесарам Эдмундам Ярмусікам. Выкладчыкі і члены студэнцкіх навуковых гурткоў падрыхтавалі даклады, якія адлюстроўваюць праблемы фарміравання гістарычнай памяці ў сучасных сацыяльных рэаліях і ролю дакументальнага кіно ў яе захаванні.
Традыцыйна канферэнцыя прайшла ў двух фарматах - дыстанцыйным і завочным. З праграмай мерапрыемства і вынікамі працы канферэнцыі можна пазнаёміцца на сайце кафедры журналістыкі mediadom.grsu.by.