Загадчык кафедры батанікі Алег Созінаў унёс навуковы ўклад у біяразнастайнасць горада Гродна.
23 мая 2023 года ў парку Жылібера адбылася пасадка рэліктавага дрэва — метасеквоі Metasequoia glyptostroboides.
Батанічны сад у Гродне пачала адраджаць гродзенскі краязнаўца Наталля Канюк. Цяпер гэтую справу працягвае і займаецца пасадкамі ў парку Жылібера ландшафтны архітэктар ГУРСП «Гродназелянбуд» Таццяна Пашкевіч і супрацоўнікі кафедры батанікі ГрДУ імя Янкі Купалы. Метасеквойю дапамог выбраць і скласці інфармацыю пра яе Алег Созінаў, доктар біялагічных навук, дацэнт, загадчык кафедры батанікі Гродзенскага дзяржуніверсітэта імя Янкі Купалы.
- Першапачаткова ў нас была ідэя адрадзіць у Гродне менавіта той батанічны сад, які быў тут пры жыцці Жана Эмануэля Жылібера 300 гадоў таму. Але па спісах тут расло вельмі шмат аранжарэйных відаў, якія ў адкрытым грунце не прыжываюцца. У выніку было прынята рашэнне па ўзбагачэнні парка рознымі экзатычнымі відамі раслін. І адзін з такіх відаў - метасеквоя. Акрамя таго, важна, каб людзі ведалі, што менавіта расце ў парку, якая вялізная гісторыя ў гэтых дрэў. Таму паралельна мы актыўна працуем над інфармацыйным складальнікам напаўнення гарадскога парку, - распавёў Алег Созінаў.
Пасадку рэліктавага дрэва ініцыявалі РУП "Гроднаэнерга" сумесна з ГУРСП "Гродназелянбуд".
- Наш выбар упаў менавіта на метасеквайю, таму што яе жыццёвы цыкл складае каля 600 гадоў. Гэта будзе высокае, велічнае дрэва, якое абавязкова парадуе кожнага, хто зазірне ў гарадскі парк, - пракаментаваў генеральны дырэктар РУП "Гроднаэнерга" Віктар Жук.
У перспектыве ў Гродне плануецца высадзіць яшчэ адну экзатычную расліну гінкга. Гэта высокае дрэва з разгалістай кронай абавязкова стане выдатным дадаткам парка.