Сёння па ўсёй Беларусі стартавала прыёмная кампанія! Зараз праходзіць асноўны яе этап. Раней дакументы прымалі ад "мэтавікоў" і пераможцаў Купалаўскай алімпіяды. Па добрай традыцыі першых абітурыентаў ушаноўвала рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
Сярод першых абітурыентаў залатыя медалісты, прызёры рэспубліканскіх і абласных алімпіяд, кандыдат у майстры спорту, хлопцы, якія атрымалі 100 балаў на ЦТ. Увогуле, сапраўдныя зорачкі!
- Сёння ва ўсіх універсітэтах нашай краіны вялікае свята - пачаўся прыём дакументаў для атрымання першай ступені вашай адукацыі. Мы рады прывітаць нашых абітурыентаў і гаворым ім «Вялікі дзякуй» за тое, што яны абралі Купалаўскі ўніверсітэт. Штогод мы ставім за мэту адкрыццё новых спецыяльнасцей, якія запатрабаваны рэгіёнам, гэты год таксама не абышоўся без навінак. У гэтым годзе мы ўпершыню ажыццяўляем набор на спецыяльнасць «Архітэктура». На дадзены момант на ваенным факультэце курсанты навучаюцца па дзвюх спецыяльнасцях: "Фізічная культура" і "Тылавое забеспячэнне войскаў". Да гэтага года навучанне па апошняй праходзіла па двух прафілізацыях - забеспячэнне харчаваннем і рэчавай маёмасцю. У гэтым годзе дадалася яшчэ адна - забеспячэнне гаруча-змазачнымі матэрыяламі. Такім чынам Купалаўскі ўніверсітэт становіцца адзіным, дзе рыхтуюць тылавікоў, – распавяла рэктар.
Прыём дакументаў на бюджэтную форму навучання будзе праходзіць з 17 па 25 ліпеня, а на платную форму - да 9 жніўня. Сёлета Купалаўскі ўніверсітэт гатовы прыняць у сваю сям'ю 2358 абітурыентаў. Ім прапануюць шырокі спектр спецыяльнасцей па самых розных напрамках. Як адзначыла Ірына Кітурка, сёлета прыёмная кампанія стартавала раней, 1 чэрвеня. Адбыўся прыём дакументаў ад тых абітурыентаў-«мэтавікоў». Таксама былі залічаны пераможцы ўніверсітэцкай алімпіяды і магістранты.
Нагадаем, што сёлета, як і летась, у ГрДУ імя Янкі Купалы даступна электронная рэгістрацыя абітурыентаў у межах працы лічбавай прыёмнай камісіі. Усім абітурыентам Купалаўскі ўніверсітэт рэкамендуе загадзя зарэгістравацца ў Лічбавым кабінеце абітурыента на сайце abit.by, запоўніць заяву для паступлення і прымацаваць электронныя копіі неабходных для паступлення дакументаў. Далейшыя крокі падкажа сістэма. На любым этапе можна звязацца са спецыялістамі, якія акажуць дапамогу ў рэгістрацыі, а таксама дапамогуць вызначыцца са спецыяльнасцю, формай навучання і выбарам факультэта.
Больш падрабязную інфармацыю можна даведацца ТУТ.