Традыцыйна напярэдадні Дня ведаў рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка чытае дзецям першую ўніверсітэцкую лекцыю.
Сустрэчы пройдуць 30 і 31 жніўня ў актавай зале вучэбнага корпуса па вуліцы Леніна, 32, пачатак сустрэч у 11.00. На лекцыю запрошаны не толькі студэнты, але і навучэнцы каледжаў. У рамках мерапрыемства Ірына Фёдараўна прачытае першакурснікам іх першую лекцыю «Універсітэт вашых магчымасцяў». Дзеці даведаюцца пра гісторыю ўніверсітэта, дасягненні студэнтаў і выпускнікоў, а таксама пра магчымасці, якія створаны ў ГрДУ імя Янкі Купалы для самарэалізацыі ў навуцы, адукацыі, творчасці і спорце. Першакурснікам раскажуць, якія пазіцыі займае ўніверсітэт у міжнароднай прасторы, пазнаёмяцца з традыцыямі і карпаратыўнай культурай.
30 жніўня на сустрэчу запрошаны першакурснікі ваеннага факультэта, педагагічнага факультэта, факультэта матэматыкі і інфарматыкі, фізіка-тэхнічнага факультэта, факультэта біялогіі і экалогіі, факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, інжынерна-будаўнічага факультэта, гуманітарнага і Ваўкавыскага каледжаў.
На наступны дзень, 31 жніўня, пройдзе сустрэча з першакурснікамі факультэта фізічнай культуры, факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання, факультэта мастацтваў і дызайну, юрыдычнага факультэта, філалагічнага факультэта, факультэта эканомікі і кіравання, факультэта псіхалогіі, тэхналагічнага і Лідскага каледжаў.
У Дзень ведаў, 1 верасня, на плошчы ўніверсітэцкага сцяга пройдзе традыцыйнае ўрачыстае мерапрыемства, прысвечанае пачатку новага навучальнага года.