25 жніўня ў сталічнай ВНУ краіны абмеркавалі сістэму адукацыі, дзейнасць, перспектывы і праблемы вышэйшых навучальных устаноў. На сустрэчы прысутнічаў прарэктар па выхаваўчай рабоце Купалаўскага ўніверсітэта Васіль Сянько.
Кіраўнік дзяржавы правёў нараду па актуальных пытаннях дзейнасці ВНУ. Прэзідэнту таксама далажылі аб ролі БДУ ў сістэме вышэйшай адукацыі краіны, аб стане і перспектывах развіцця ўніверсітэта.
− Мы павінны сёлета канчаткова дашліфаваць сістэму адукацыі, вызначыць, у якім кірунку мы будзем далей развівацца, каб ні бацькі, ні наша грамадства хваравіта не рэагавала на нейкія навацыі,-сказаў кіраўнік дзяржавы на нарадзе ў БДУ.
Рэктар БДУ Андрэй Кароль выказаў перакананне, што кожны з удзельнікаў мерапрыемства выйдзе з аўдыторыі некалькі іншым з пункту гледжання і інфармаванасці, і мэтавага памкнення. Ён таксама падзякаваў Прэзідэнту за тое, што ён знайшоў час надаць увагу пытанням працы ўніверсітэта.
− <…> Давайце, як у савецкія часы казалі, па-таварыску абмяркуем усе праблемы, якія існуюць нават у сістэме вышэйшай адукацыі. Паколькі тут прысутнічаюць усе рэктары нашых ВНУ. Калі будуць нейкія заўвагі па адукацыі ў Беларусі ў цэлым, буду вам вельмі ўдзячны. Цяпер гэта гучная тэма. На слыху. Для мяне гэта адна з найважнейшых тэм, якая павінна быць канчаткова і беспаваротна пазначаная сёлета, − адзначыў Прэзідэнт.