Супрацоўнікі факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы – загадчык кафедры батанікі Алег Созінаў і загадчык кафедры заалогіі і фізіялогіі чалавека і жывёл Вольга Янчурэвіч − прынялі ўдзел у складзе дэлегацыі ад Гродзенскай вобласці ў XVII Рэспубліканскім экалагічным форуме.
За дваццаць гадоў – першы форум адбыўся ў далёкім 2003 годзе – мерапрыемства стала адной з самых яркіх і важных падзей у Беларусі.
Форум адбыўся 25-26 жніўня ў горадзе Столін. Арганізатарам выступіла Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы ПРААН у Беларусі.
У рабоце экалагічнага форуму прынялі ўдзел вядучыя навукоўцы і спецыялісты ў галіне аховы навакольнага асяроддзя і ўстойлівага выкарыстання прыродных рэсурсаў, прадстаўнікі органаў дзяржкіравання, навуковых і навучальных арганізацый краіны, СМІ.
Праграма мерапрыемства ўключала мітынг-рэквіем памяці ахвяр фашызму ва ўрочышчы Стасіна, закладку алеі дубоў і ліп у парку Манькавічы. Супрацоўнікі біяфака ГрДУ імя Янкі Купалы сумесна з генеральным дырэктарам ДНВА «НПЦ НАН Беларусі па біярэсурсах» Аляксандрам Чайкоўскім пасадзілі дуб чарэшчаты, як знак шматгадовага і плённага супрацоўніцтва арганізацый на ніве беларускай навукі.
Адзначым, што купалаўцы таксама прынялі актыўны ўдзел у навукова-практычнай канферэнцыі «30 гадоў Нацыянальнай сістэме маніторынгу навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь» і ў круглым стале «Развіццё экалагічнага турызму ў Рэспубліцы Беларусь».
На пляцоўцы Форуму абмяркоўваліся актуальныя пытанні-дасягненне экалагічных Мэт устойлівага развіцця, развіццё мінеральна-сыравіннай базы Палесся, экалагічны турызм і ўдасканаленне нацыянальнай сістэмы маніторынгу навакольнага асяроддзя.
Таксама адбылася пазнавальная экскурсія па экалагічнай сцежцы на Альманскіх балотах, дзе ўдзельнікі паглыбілі веды аб біяразнастайнасці і функцыях балот – аб патэнцыяле балот як натуральным «паглынальніку» вуглякіслага газу.
Форум-гэта ўнікальная магчымасць для дэманстрацыі інавацыйных экалагічных рашэнняў. Яго правядзенне з'яўляецца сведчаннем павышанай увагі да пытанняў экалогіі ў нашай краіне на ўсіх узроўнях.