Міжнародны партнёрскі тыдзень, арганізаваны Нацыянальным даследчым універсітэтам «Вышэйшая школа эканомікі», сабраў прадстаўнікоў 40 навуковых і адукацыйных арганізацый з 23 краін, у тым ліку Расіі, Беларусі, Казахстана, Таджыкістана, Узбекістана, Кыргызстана, Кітая, Індыі, Бразіліі, Саудаўскай Аравіі. У аснову міжнароднай сустрэчы пакладзена ідэя фарміравання Вялікага Еўразійскага партнёрства ў сферы адукацыі і навукі.
У рамках Міжнароднага партнёрскага тыдня прайшоў шэраг мерапрыемстваў, у тым ліку Міжнародная адукацыйная выстава і Адукацыйны форум Вялікага Еўразійскага партнёрства. Прывітальны адрас удзельнікам форуму накіравалі Аляксей Аверчук, намеснік старшыні Урада Расійскай Федэрацыі і Міхаіл Мясніковіч, старшыня Калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі.
У склад беларускай дэлегацыі ўвайшлі прадстаўнікі Купалаўскага ўніверсітэта: Святлана Чабуранава, дэкан юрыдычнага факультэта, Марына Карпіцкая, дэкан факультэта эканомікі і кіравання, а таксама Іна Мінчук, загадчыца кафедры журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму. Купалаўцы выступілі з дакладамі на трох працоўных сесіях Міжнароднага партнёрскага тыдня: «Універсітэт як грамадзянін свету: глабальныя партнёрствы ў галіне адукацыі і навукі», «На вастрыі прагрэсу: універсітэты як ключавы элемент дасягнення ЦУР», «Шляхі выяўлення і развіцця талентаў».
У час Міжнароднага партнёрскага тыдня прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы і НДУ «ВШЭ» абмяняліся падпісанымі экзэмплярамі дагавора аб супрацоўніцтве і акадэмічных абменах. Удзельнікі мерапрыемства змаглі наведаць профільныя факультэты НДУ «ВШЭ», а таксама прадставіць адукацыйны патэнцыял ГрДУ імя Янкі Купалы.
Адбыліся двухбаковыя перамовы прадстаўнікоў Купалаўскага ўніверсітэта з дэлегацыямі расійскіх, казахскіх, узбекскіх, таджыкскіх ВНУ. Былі абмеркаваны пытанні ўзаемадзеяння і супрацоўніцтва ў адукацыйным, навуковым і культурным напрамках. Ключавымі тэмамі пры абмеркаванні сталі акадэмічная мабільнасць студэнтаў, удзел у Летніх і Зімовых міжнародных школах, стажыроўкі прафесарска-выкладчыцкага саставу, падрыхтоўка сумесных навуковых і творчых праектаў.