«Моцная сям'я - моцная дзяржава» - пад такой назвай дыялогавая пляцоўка аб'яднала яе ўдзельнікаў. Кіраўніцтва ўніверсітэта, прадстаўнікі Гродзенскай праваслаўнай Епархіі і студэнты абмеркавалі важнасць сям'і ў жыцці чалавека, падзяліліся меркаваннямі. Таксама падчас дыялогавай пляцоўкі адбылося падпісанне праграмы супрацоўніцтва.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ўжо на працягу многіх гадоў цесна супрацоўнічае з Гродзенскай праваслаўнай епархіяй. Штогод падпісваецца абноўленая праграма супрацоўніцтва, якая дзейнічае ў межах дамовы. У дакуменце адлюстроўваюцца ўсе сумесныя мерапрыемствы на найбліжэйшы год. Традыцыйна падпісанне праходзіць у рамках дыялогавых пляцовак.
Як адзначыў Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній, прадстаўнікі царквы заўсёды з вялікай радасцю і адкрытым сэрцам прыходзяць у сцены ўніверсітэта. Уладыка таксама падкрэсліў, што святары размаўляюць з купалаўцамі як з сябрамі, на роўных. У гэтым залог паспяховай камунікацыі.
- У гады студэнцтва ў маладых людзях фармуюцца тыя якасці, якія яны потым будуць ажыццяўляць і дзейнічаць, кіруючыся тым запалам, ведамі, якія яны атрымалі ва ўніверсітэце. Таму царква далучаецца да працэсу духоўна-маральнага выхавання нашай моладзі. Несумненна, праграма супрацоўніцтва, якая падпісваецца штогод, садзейнічае гэтаму, — расказаў Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Антоній.
Дыялогавая пляцоўка дала старт мерапрыемствам у рамках Тыдня бацькоўскай любові, які праходзіць ва ўніверсітэце, расказала рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Кіраўнік ВНУ адзначыла, што сямейныя каштоўнасці - аснова моцнага грамадства, таму гэтай тэме ўдзяляецца столькі ўвагі.
- Вельмі важна абмяркоўваць тэму сям'і з моладдзю, таму што сям'я - гэта той падмурак, які застаецца з намі на ўсё жыццё. Магутнай і моцнай дзяржава будзе тады, калі кожнага беларуса будуць чакаць дома, калі ён з задавальненнем будзе вяртацца туды, калі дзіцячы смех будзе суправаджаць яго жыццё. Я лічу, мы знаходзімся на слушным шляху. Хочацца падзякаваць Гродзенскай епархіі Беларускай праваслаўнай царквы за наша супрацоўніцтва і за тое, што яны заўсёды адгукаюцца на нашы запрашэнні і заўсёды запрашаюць нашых рабят да сябе, - адзначыла Ірына Кітрко.
У ходзе дыялогавай пляцоўкі ўдзельнікі абмеркавалі пытанні стварэння і захавання сям'і, пагаварылі аб тым, як перажыць сямейныя крызісы. Таксама святары падзяліліся сваім досведам паспяховага сямейнага жыцця.