Выкладчыкі Какандскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Мукімі вывучылі чарговы навучальны модуль, пабудавалі мадэль сучаснага педагога і расказалі пра свае любімыя лічбавыя сэрвісы.
На працягу тыдня госці з Узбекістана знаёміліся з тэмамі модуля «Інавацыйныя метады і тэхналогіі навучання». Выкладчыкі Купалаўскага ўніверсітэта падзяліліся вопытам выкарыстання актыўных метадаў навучання, расказалі аб тэхналогіі распрацоўкі і правядзення навучальных курсаў для дарослых і дзяцей, прадэманстравалі магчымасці відэа як інструмента навучання.
Праграма курсаў знайшла свой працяг падчас анлайн круглага стала «Мадэль сучаснага педагога», удзельнікамі якога сталі слухачы курсаў, супрацоўнікі вучэбна-метадычнага кіравання і выкладчыкі Какандзкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя Мукімі. У рамках круглага стала выкладчыкі з Узбекістана апрабавалі тэхналогію эўрыстычнага дыялогу, з якой пазнаёміліся падчас навучання.
Калегі з Гродна і Каканда пабудавалі зносіны вакол некалькіх ключавых пытанняў, у прыватнасці «якім вы бачыце сучаснага педагога?», «якія патрабаванні да яго прад'яўляюцца?», «у якой меры вашыя асобасныя якасці адпавядаюць якасцям сучаснага педагога?». На аснове адказаў была сфарміравана мадэль сучаснага педагога. Па агульным меркаванні, выкладчык новага пакалення гнутка рэагуе на выклікі часу, з'яўляецца носьбітам маральных пачаткаў, прытрымліваецца стваральных ідэй і каштоўнасцяў.