Універсітэцкі этап рэспубліканскага конкурсу праходзіў у лістападзе
Асноўная мэта конкурсу - папулярызацыя і развіццё валанцёрскага руху ва Універсітэце, выяўленне лідэраў валанцёрскага руху.
У конкурсе «Валанцёр года - 2023» прынялі ўдзел студэнты-валанцёры і прадстаўнікі валанцёрскіх атрадаў факультэтаў Купалаўскага ўніверсітэта. Лепшых вызначылі ў некалькіх намінацыях.
У намінацыі «Лепшы валанцёрскі праект» перамогу атрымала студэнтка 4 курса факультэта біялогіі і экалогіі Анастасія Акула з праектам «Валанцёрскі практыкаарыентаваны атрад «ProДОБРА»».
Вызначыць лепшую валанцёрскую групу ў сацыяльнай сетцы журы аказалася даволі няпроста, бо ўсе валанцёрскія атрады нашага універсітэта старанна вядуць свае акаўнты, дзе расказваюць пра добрыя справы. У намінацыі «Лепшая валанцёрская група ў сацыяльнай сетцы» перамогу атрымаў інстаграм-акаўнт @_effiktiv_ валанцёрскага атрада факультэта гісторыі, камунікацый і турызму.
Стаць пераможцам у намінацыі «Лепшы валанцёрскі атрад» удалося атраду «Адкрытыя сэрцы» юрыдычнага факультэта. Камандзірам самых ініцыятыўных валанцёраў выступае студэнтка 3 курса юрыдычнага факультэта Вікторыя Маўчун.
Многія людзі часта ва ўсім шукаюць асабістую выгаду. А бескарыслівая дапамога здольная змяніць жыццё людзей у лепшы бок і падарыць станоўчыя эмоцыі.
У намінацыі «Я – Валанцёр» перамог студэнт 2 курса факультэта эканомікі і кіравання Ягор Бухгароўскі.
Віншуем пераможцаў!