1 снежня адзначаецца Сусветны дзень барацьбы са СНІДам. Купалаўцы прымаюць актыўны ўдзел у прафілактычных і інфармацыйных акцыях па папярэджанні ВІЧ і СНІДу.
Сёння, 1 снежня, у галоўным корпусе ўніверсітэта прайшла інфармацыйная акцыя пад дэвізам «Купалаўцы супраць ВІЧ», якая рэалізуецца на базе праекта «Здаровым быць модна».
У гэтым годзе да мерапрыемства далучылася Гродзенская абласная арганізацыя Беларускага Чырвонага Крыжа.
Валанцёры і актывісты ўніверсітэта правялі інфармацыйную працу – раздалі флаеры і буклеты ўсім жадаючым.
Акцыя актыўна прайшла і на юрыдычным факультэце. У фае корпуса па адрасе: Даватара, 3/1 актывісты арганізавалі акцыю, прымеркаваную да Сусветнага дня барацьбы са СНІДам.
Удзельнікам прапаноўвалася адказаць на пытанні на тэму ВІЧ-інфекцыі і СНІДу, а таксама пакінуць на тэматычным інфармацыйным стэндзе чырвоную стужачку - сімвал барацьбы з хваробай.
Рэспубліка Беларусь нязменна праводзіць актыўную палітыку ў сферы супрацьдзеяння распаўсюджванню ВІЧ/СНІДу.
У рамках нацыянальных мер у адказ на распаўсюджванне ВІЧ-інфекцыі рэалізуецца Дзяржаўная праграма «Здароўе народа і дэмаграфічная бяспека» на 2021-2025 гады, у якой вызначаны задачы і шляхі дасягнення новай стратэгічнай мэты, уключаючы меры па ўключэнню ў праграмы лячэння ўсіх людзей, якія жывуць з ВІЧ, у тым ліку з ключавых груп насельніцтва, а таксама падтрыманне і пашырэнне навукова-абгрунтаваных мер прафілактыкі ВІЧ-інфекцыі.