Семінар Інавацыйнага медыйнага кластара Гродзенскай вобласці прайшоў на пляцоўцы факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму
Семінар на тэму «Інфармацыйнае суправаджэнне дзяржаўнай палітыкі. Крытычныя матэрыялы на старонках рэгіянальных СМІ» сабраў прадстаўнікоў галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай працы і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, галоўных рэдактараў СМІ Гродзенскай вобласці, а таксама выкладчыкаў кафедры журналістыкі.
Вітаючы ўдзельнікаў, дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Віктар Белазаровіч адзначыў, што семінары Інавацыйнага медыйнага кластара дазваляюць умацаваць сувязі ў ланцужку «вуз – заказчыкі кадраў – выканаўчая ўлада», забяспечваюць абмен думкамі, садзейнічаюць павышэнню якасці падрыхтоўкі будучых спецыялістаў для рэдакцый СМІ рэгіёну ў Купалаўскім. універсітэце.
Начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Ігар Булаўка падкрэсліў, што тэма семінара адлюстроўвае адну з прыярытэтных задач дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі. Важна, што падчас дыскусіі прадстаўнікі рэдакцый і прафесарска-выкладчыцкі састаў кафедры змогуць абмяняцца ўласным бачаннем праблемы, абмеркаваць падыходы да падрыхтоўкі крытычных матэрыялаў на старонках раённых газет.
У дакладзе Іны Мінчук, загадчыка кафедры журналістыкі, быў адлюстраваны алгарытм працы над крытычнымі матэрыяламі, прыёмы дасягнення рэзультатыўнасці публікацый. Ірына Герасімчык, дацэнт кафедры журналістыкі, абазначыла структурныя элементы крытычных публікацый, разабраўшы найбольш характэрныя прыклады з практыкі рэдакцый раённых газет Гродзенскай вобласці. У дакладзе Кацярыны Касцюшкі, старшага выкладчыка кафедры журналістыкі, былі абазначаны праблемы ілюстравання крытычных матэрыялаў, прапанаваны арыгінальныя візуальна-графічныя рашэнні.
У ходзе семінара былі вырашаны і важныя арганізацыйныя пытанні: намечаны тэмы семінараў Інавацыйнага медыйнага кластара Гродзенскай вобласці ў 2024 годзе, абмеркаваны пытанні арганізацыі практыкі і магчымага размеркавання студэнтаў спецыяльнасцей «Журналістыка» і «Інфармацыя і камунікацыя».