Дыялогавая пляцоўка, прысвечаная адзінаму дню галасавання, прайшла 15 снежня.
У мерапрыемстве прынялі ўдзел Старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік, памочнік Прэзідэнта - інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта. Таксама ў зале прысутнічалі члены Савета Рэспублікі сёмага склікання Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь ад Гродзенскай вобласці, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу ад Гродзенскай вобласці, дэпутаты Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў 28-га склікання, дэпутаты гарадскога, раённага, сельскага Саветаў дэпутатаў, прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, абласнога Савета працуючай моладзі, першыя сакратары Гродзенскага гарадскога і раённага камітэтаў ГА "БРСМ", а таксама актыў студэнцкай моладзі.
Прывітала прысутных рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка. У сваёй прамове яна адзначыла, што дыялогавая пляцоўка “Моладзь і выбары: формула адказнасці. Роля мясцовых Саветаў дэпутатаў у рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі Рэспублікі Беларусь" з'яўляецца трэцяй па ліку дыялогавай пляцоўкай, якая праводзіцца ва ўніверсітэце, прысвечанай важнай падзеі ў жыцці краіны.
- Упершыню ў нашай рэспубліцы 25 лютага 2024 года адбудзецца адзіны дзень галасавання па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і мясцовых Саветаў дэпутатаў. Выбары - гэта адна з формаў удзелу грамадзян у кіраванні дзяржавай. Гэта яшчэ і наш абавязак, адказнасць і прававая культура, якую прывівае моладзі ўніверсітэт, – адзначыла Ірына Фёдараўна.
Як расказала старшыня абласнога Савета дэпутатаў Алена Пасюта, дэпутаты маладзёжнага Савета, студэнты Купалаўскага ўніверсітэта звярнуліся з ініцыятывай у абласны Савет дэпутатаў аб правядзенні гэтага дыялога.
- Будучая выбарчая кампанія - асаблівая, бо мы будзем выбіраць дэпутатаў усіх узроўняў, і, натуральна, у моладзі ёсць пытанні аб выбарах, і яны хочуць атрымаць адказы. І сёння якраз прадставілася такая магчымасць, - сказала Алена Пасюта.
Звяртаючыся да моладзі, старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Каранік звярнуў увагу, што ўдзел у выбарах у нашай краіне не з'яўляецца абавязкам, гэта права кожнага грамадзяніна, і на пытанне "чаму я пайду на выбары?" павінен адказаць кожны найперш самому сабе.
- Маё глыбокае перакананне, што будучыня краіны вызначаецца ў кабінах для галасавання, а не на плошчах. Ні адна краіна, у якой змена ўлады адбылася на плошчы, на жаль, не змагла забяспечыць устойлівае развіццё грамадства і шчаслівае жыццё сваіх грамадзян, - падкрэсліў Уладзімір Каранік.
Ці будуць змены ў знешняй палітыцы дзяржавы пасля выбараў, як стаць дэлегатам ВНС, як зберагчы розумы ад фэйкаў, як будзе забяспечана бяспека выбаршчыкаў і членаў выбарчай камісіі на выбарах, ці магчыма правядзенне электроннага галасавання ў нашай краіне, які працэнт моладзі павінен быць у Парламенце - гэтыя і многія іншыя пытанні прагучалі ў зале. На кожны з іх быў атрыманы вычарпальны адказ.
Мерапрыемства скончылася агульным фатаграфаваннем.
Даведачна: 25 лютага 2024 года па ўсёй краіне пойдуць выбары дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу восьмага склікання і мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць дзевятага склікання.