Напярэдадні Адзінага дня галасавання ў Купалаўскім універсітэце стартуе серыя конкурсаў, прысвечаных электаральнай кампаніі наступнага года. Фарматы самыя розныя, таму кожны зможа праявіць сябе.
Да 28 снежня арганізатары чакаюць крэатыўныя ідэі візуалізацыі "Выбары - будучыня краіны". На суд журы можна падаць плакат, улётку, насценны каляндар, кішэнны каляндар, рэкламны стэнд. Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца як каляровыя, так і чорна-белыя работы, якія адпавядаюць конкурсным умовам і адлюстроўваюць сімволіку выбарчай кампаніі Адзінага дня галасавання.
Таксама адбудзецца конкурс лозунгаў і слоганаў "Выбар за намі!". Дасылайце свае ідэі ў намінацыях "Слоган", "Хэштэг", "Лозунг", "Бягучы радок", "Матывіруючая фраза". Да ўдзелу ў конкурсе прымаюцца ідэі, якія ўяўляюць сабой лаканічную, эмацыйна афарбаваную фразу, якая складаецца ад 2 да 8 слоў на рускай або беларускай мове, якая адпавядае тэматыцы конкурсу. Ідэі прымаюцца да 25 студзеня 2024 года.
Акрамя таго, запрашаем прыняць удзел у конкурсе відэаролікаў для сеткі TikTok "Я іду на выбары, таму што…". Для гэтага трэба стварыць відэаролік працягласцю не больш за 1-ю хвіліну, які раскрывае тэму, заяўленую ў назве конкурсу. Ролікі прымаюцца журы да 31 студзеня 2024 года.
Бліснуць ведамі можна будзе ў анлайн-віктарыне «Ведаю ўсё пра Выбары», якая адбудзецца 21 снежня з 09.00 да 21.00. Удзельнікам прапануецца адказаць на пытанні, звязаныя з гісторыяй, развіццём і сучасным станам выбарчай сістэмы Рэспублікі Беларусь. Колькасць пытанняў - 45. Час праходжання тэсціравання - 45 хвілін.
Падрабязней з умовамі ўсіх конкурсаў можна азнаёміцца ў ПАЛАЖЭННІ, а заяўкі можна спампаваць ТУТ.