Адзіны дзень галасавання пройдзе ў Рэспубліцы Беларусь 25 лютага. Жыхары Беларусі абяруць тых, хто будзе прадстаўляць іх інтарэсы ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу і мясцовых Саветах дэпутатаў.
Напярэдадні Адзінага дня галасавання ў ГрДУ імя Янкі Купалы праходзіць серыя дыялогавых пляцовак "Моладзь і выбары: формула адказнасці", прысвечаных электаральнай кампаніі 2024 года. Яны закліканы дапамагчы моладзі зрабіць свядомы выбар і аддаць голас за годнага кандыдата. Фармат дыялогавых пляцовак ужо даўно паспеў зарэкамендаваць сябе. Як паказвае практыка, іх удзельнікі ахвотна ўступаюць у дыскусію, задаюць пытанні, падчас абмеркаванняў нараджаюцца канкрэтныя прапановы, спрэчныя моманты знаходзяць кампраміс. У перспектыве плануецца дыялогавая пляцоўка купалаўскай моладзі са Старшынёй Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Ігарам Карпенкам.
25 снежня завяршылася рэгістрацыя ініцыятыўных груп грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку асоб, якія прапануюцца для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты. Усяго ў краіне зарэгістраваны 164 ініцыятыўныя групы ў падтрымку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і 11221 - у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў.
Адзначым, што для правядзення выбараў на тэрыторыі Гродзенскай вобласці плануюць стварыць 602 участкі для галасавання. Па выніках сумеснага пасяджэння прэзідыума Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў і Гродзенскага аблвыканкама ўтвораны Гродзенская абласная і 13 акруговых выбарчых камісій па 13 членаў у кожнай. Усяго выбрана 182 члены камісій.
Працэдура вылучэння кандыдатаў у дэпутаты працягнецца да 15 студзеня. Тэрытарыяльныя і акруговыя выбарчыя камісіі будуць прымаць дакументы на рэгістрацыю кандыдатаў.
У адзіны дзень галасавання выбаршчыкам у абласным і раённых цэнтрах выдадуць па тры бюлетэні (па выбарах дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, аблсавета, гарсавета або райсавета), у сельскай мясцовасці - па чатыры бюлетэня (чацвёрты - па выбарах дэпутатаў сельскага або пасялковага Савета).
Акрамя гэтага, 4 красавіка 2024 года пройдуць выбары чальцоў Рады Рэспублікі. Не пазней як праз 60 дзён пасля Адзінага дня галасавання павінен адбыцца Усебеларускі народны сход. Крайняя дата яго правядзення - 25 красавіка 2024 года.