Марафон добрых спраў стартаваў з 29 снежня.
Дабрыня - гэта магічная сіла, якой валодаюць студэнты і выкладчыкі Купалаўскага ўніверсітэта. Добрыя справы, якія здзяйсняюцца кожным з нас, аказваюць узрушаючы ўплыў на навакольных, нас саміх і на грамадства ў цэлым.
У пятніцу, 29 снежня, ва ўніверсітэце прайшло сумеснае мерапрыемства "Навагодні ранішнік: дарослыя і дзеці" валанцёрскіх атрадаў "Лінгва-1" і "Лінгва-2" філалагічнага факультэта, а таксама прадстаўнікоў Цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання Кастрычніцкага і Ленінскага раёнаў горада Гродна ў рамках Рэспубліка акцыі "Ад усёй душы".
Харызматычныя вядучыя стварылі святочны настрой і зарадзілі гледачоў пазітыўнай энергіяй. Запальнае выступленне калектыву "Натхненне" Кастрычніцкага раёна, уладальніка першых прэмій рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў нікога не пакінулі абыякавымі. Да цёплых навагодніх пажаданняў свету, шчасця, дабра і здароўя далучыліся госці з Ленінскага раёна, члены драматычнага гуртка пад кіраўніцтвам валанцёра, студэнткі 4 курса філалагічнага факультэта Кацярыны Мацюкевіч.
Завяршылася святочнае мерапрыемства палымяным танцам студэнцкай танцавальнай студыі "WIAR" пад кіраўніцтвам Юліі Сінкевіч, студэнткі 3 курса філалагічнага факультэта.
У нядзелю, 7 студзеня, валанцёры факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму наведалі дзіцячы сацыяльны прытулак горада Гродна. Гэта не першая акцыя, арганізаваная ўдзельнікамі факультэцкага атрада "BENEФІКТ". Амаль два тыдні студэнты і выкладчыкі збіралі цацкі, рэчы і салодкія падарункі для хворых дзяцей, дзяцей-сірот.
Для дзяцей, пазбаўленых бацькоўскай апекі, асабліва важна ўвага і клопат, зносіны. Студэнты-валанцёры зладзілі для выхаванцаў сапраўднае свята - вясёлыя конкурсы, карагоды каля ёлкі. Дзецям былі ўручаны развіваючыя гульні, канцылярскія тавары, прысмакі, цёплыя рэчы, упрыгожанні для дзяўчынак. Дзеці спявалі, танчылі, расказвалі вершы. Але самае галоўнае – гэта тое, што студэнты атрымалі досвед жывых зносін з дзецьмі, якія маюць патрэбу ў нашай абароне, дапамозе, простай чалавечай падтрымцы.
Варта адзначыць, што ў рамках акцыі "Нашы дзеці" студэнты і супрацоўнікі факультэта эканомікі і кіравання, а таксама валанцёры пярвічнай арганізацыі ГА "БСЖ" Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы наведалі дзіцячы дом сямейнага тыпу сям'і Кароль і ДУА "Спецыяльная школа горада Гродна".
У рамках дабрачыннага кірмашу "Прыкладзі руку да добрых спраў", які прайшоў на факультэце эканомікі і кіравання, былі сабраны грашовыя сродкі, якія пайшлі на закупку падарункаў для выхаванцаў дзіцячага дома і "Спецыяльнай школы". Прадстаўнікі валанцёрскага атрада факультэта эканомікі і кіравання, а таксама члены першаснай арганізацыі "БСЖ" павіншавалі дзяцей са святамі і ўручылі падарункі. Дзед Мароз і Снягурка праспявалі песні, разгадалі загадкі і закружыліся ў святочным карагодзе разам з хлопцамі.