Больш за 150 маладых людзей з розных куткоў нашай краіны прынялі ўдзел у конкурсе "Маладзёжныя паслы Мэт устойлівага развіцця - будучыня планеты ў нашых руках".
Цягам некалькіх месяцаў кандыдаты праходзілі адборачныя этапы конкурсу. Удзельнікам прапаноўвалася прадставіць свае ідэі і праекты, якія садзейнічаюць захаванню навакольнага асяроддзя, барацьбе з беднасцю, павышэнню даступнасці адукацыі, паляпшэнню здароўя і дабрабыту людзей.
Усяго па выніках конкурсу было абрана 17 маладзёжных паслоў і іх дублёраў. Дзейнасць прадстаўнікоў Мэт будзе накіравана на папулярызацыю МУР сярод моладзі, інфармаванне аб механізмах дасягнення паказчыкаў устойлівага развіцця на лакальным і нацыянальным узроўнях.
Маладзёжным паслом МУР з ліку студэнтаў-купалаўцаў стала Дар'я Навныка, навучэнка Гуманітарнага каледжа Купалаўскага ўніверсітэта. Дзяўчына прадстаўляе і рэалізуе канцэпцыю Мэты ўстойлівага развіцця №12 «Адказнае спажыванне і вытворчасць».
Акрамя таго, дублёрамі паслоў Мэт устойлівага развіцця Рэспублікі Беларусь былі выбраны Мікіта Галаган, студэнт 1 курса фальтэта біялогіі і экалогіі і Артур Сахарчук, студэнт 3 курса юрыдычнага факультэта.
Мэты ўстойлівага развіцця былі зацверджаны Генеральнай Асамблеяй Арганізацыі Аб'яднаных Нацый у 2015 годзе і маюць тэрмін рэалізацыі да 2030 года. Яны ўяўляюць сабой набор амбіцыйных мэт, накіраваных на паляпшэнне якасці жыцця людзей, абарону планеты і забеспячэнне росквіту ўсіх яе жыхароў.