Стыпендыі Прэзідэнта Беларусі на 2024 год назначаны 62 аспірантам, якія выконваюць дысертацыйныя даследаванні па прыярытэтных напрамках навуковай, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці ва ўстановах адукацыі і навуковых арганізацыях. Адпаведнае распараджэнне падпісаў 16 студзеня Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка.
Аспірант факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Кірыл Ананька ўдастоены стыпендыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь на 2024 год. Стыпендыя назначана за вызначэнне месца і ролі беларускіх гімназій у грамадска-палітычным і культурным жыцці Заходняй Беларусі ў міжваенны перыяд, укараненне метаду калектыўнай біяграфіі для вывучэння вучнёўскага і педагагічнага складу беларускіх гімназій, распрацоўку канцэпцыі гімназій як нацыянальна-культурных цэнтраў па захаванні беларускай ідэнтычнасці ва ўмовах палонізацыі. .
Аспірант выконвае падрыхтоўку кандыдацкай дысертацыі пад навуковым кіраўніцтвам дацэнта кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін Аляксандра Горнага.
Навуковыя даследаванні і распрацоўкі стыпендыятаў у галіне тэхнічных, фізіка-матэматычных, хімічных, медыцынскіх, сельскагаспадарчых, эканамічных, педагагічных навук, мастацтвазнаўства, спорту праводзяцца па актуальных і запатрабаваных для адпаведных галін тэмах.
Вынікі работ укаранёны ў навучальны працэс, практычную дзейнасць арганізацый прамысловасці, медыцыны, сельскай гаспадаркі, прадстаўлены на рэспубліканскіх і міжнародных канферэнцыях, апублікаваны ў навуковых выданнях.
Распараджэнне Прэзідэнта прынята ў мэтах падтрымкі навуковых распрацовак аспірантаў, стымулявання падрыхтоўкі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі, развіцця айчынных навуковых школ, прыцягнення ў навуку таленавітай моладзі.