Пункты правядзення рэпетыцыі ЦЭ, а іх у вобласці 21, адкрыты ў Гродне на базе ГрДУ імя Янкі Купалы і аграрнага ўніверсітэта, а таксама ва ўсіх раёнах рэгіёну, за выключэннем Гродзенскага. Навучэнцы з гэтага раёна рэпетыцыю ЦЭ будуць праходзіць разам з 11-класнікамі Ленінскага раёна горада Гродна на базе ГДАУ.
Пра важныя дэталі рэпетыцыі ЦЭ расказалі ў Цэнтры даўніверсітэцкай адукацыі ГрДУ імя Янкі Купалы. На базе ўніверсітэта рэпетыцыйны ЦЭ напішуць будучыя выпускнікі Кастрычніцкага раёна горада Гродна - 1515 чалавек. Для іх выдзелены 64 аўдыторыі ў пяці карпусах.
- Абавязкова будзем правяраць пашпарты навучэнцаў. Нагадаю, што здаваць ЦЭ па біяметрычным пашпарце нельга - там няма фатаграфіі, а вось ID-карта падыходзіць, - распавядае начальнік Цэнтра даўніверсітэцкай адукацыі ГрДУ імя Янкі Купалы Алена Лапкоўская. - Бываюць выпадкі, калі ў пашпарце няма подпісу ўладальніка, - гэты дакумент лічыцца несапраўдным. Акрамя таго, нашы супрацоўнікі абавязкова звернуць увагу ўдзельнікаў рэпетыцыі ЦЭ на тэрмін дзеяння іх пашпарта. Каб абітурыенты мелі магчымасць выправіць гэтыя моманты і своечасова здаць ЦЭ і ЦТ.
Што трэба памятаць навучэнцам? Любыя гаджэты і сродкі прыёму і перадачы інфармацыі строга забаронены, смарт-гадзіннікі ў тым ліку. З сабой трэба мець выключна пашпарт і чорную гелевую ручку. На фізіку і хімію можна браць калькулятар. Парушэнне гэтых патрабаванняў пагражае безумоўным выдаленнем з аўдыторыі.
- На этапе рэпетыцыі ЦЭ выдаленне аўтаматычна пазбаўляе навучэнца магчымасці пазнаёміцца з экзаменацыйнымі матэрыяламі, - адзначае Алена Лапкоўская. - Выдаленне з іспыту 27 і 30 мая мае жаласныя наступствы. Адзнакі не будзе, замест атэстата выпускнік атрымае даведку аб тым, што ім праслуханы курс за сярэднюю школу. Аб гэтым абавязкова трэба памятаць будучым абітурыентам і разлічваць выключна на свае веды.
Рэпетыцыя ЦЭ праходзіць у Беларусі другі год. У параўнанні з мінулым галоўная змена датычыцца пераліку прадметаў.
- У мінулым годзе праходзіла рэпетыцыя толькі па прадмеце на выбар. У цяперашнім - паспрабаваць свае сілы можна і па дзяржаўных мовах - рускай або беларускай, - распавядае начальнік аддзела тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі Цэнтра даўніверсітэцкай адукацыі ГрДУ імя Янкі Купалы Наталля Кранцэвіч. – Час для выканання заданняў адрозніваецца ў залежнасці ад прадмета. Хутчэй за іншых рэпетыцыю ЦЭ завершаць тыя, хто абраў гісторыю Беларусі, сусветную гісторыю, геаграфію або грамадазнаўства - на гэтыя прадметы адводзіцца 90 хвілін. Даўжэй за ўсё рэпетыцыя ЦЭ будзе доўжыцца па фізіцы і матэматыцы - 3,5 гадзіны.
Нагадаем: сам цэнтралізаваны іспыт пройдзе ў Беларусі 27 мая па рускай ці беларускай мове і 30 мая - па прадмеце на выбар згодна з профілем уступных іспытаў.