З 6 па 8 лютага праходзіць афіцыйны візіт дэлегацыі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь у Рэспубліку Узбекістан на чале з Міністрам адукацыі Андрэем Іванцом. У яе склад увайшла і рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка.
Беларусь і Узбекістан актыўна супрацоўнічаюць, а апошнія гады ўзаемадзеянне набірае абароты імкліва, у тым ліку і ў адукацыйнай сферы. Дзейнічае больш за 460 дагавораў паміж установамі адукацыі і навуковымі арганізацыямі дзвюх краін. Насычаная праграма візіту пачалася з сустрэчы з Міністрам вышэйшай адукацыі навукі і інавацый Рэспублікі Узбекістан Кангратбаем Шарыпавым. Адной з ключавых стала тэма стварэння Беларуска-Узбекскага навукова-тэхналагічнага кансорцыума пад эгідай двух міністэрстваў. Бакі таксама абмеркавалі рэалізацыю сумесных адукацыйных праграм з улікам патрэбнасці эканомік дзвюх краін.
У гэты ж дзень, 6 лютага, адбыўся круглы стол рэктараў Беларусі і Узбекістана, дзе кіраўнікі ўніверсітэтаў змаглі абмеркаваць напрамкі ўзаемадзеяння і заключыць дагаворы і пагадненні аб супрацоўніцтве. У прыватнасці, ішла размова аб распрацоўцы і рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм, падрыхтоўцы інжынерных кадраў у навукова-тэхнічнай сферы. Рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка падпісала дагаворы аб супрацоўніцтве з рэктарам Ургенцкага інавацыйнага ўніверсітэта Мадамінам Ішмуратавым, а таксама з рэктарам Ташкенцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта Садрыцінам Турабджанавым.
На наступны дзень, 7 лютага, адбыўся II Форум рэгіёнаў Узбекістана і Беларусі, дзе Ірына Кітурка выступіла з дакладам «Вопыт і перспектывы рэалізацыі сумесных адукацыйных праграм з універсітэтамі Узбекістана». Агульная тэма сесіі «Развіццё супрацоўніцтва паміж Узбекістанам і Беларуссю ў сферы адукацыі і маладзёжнай палітыкі». Агулам у форуме прынялі ўдзел больш за 150 прадстаўнікоў з Беларусі.
У рамках форуму Андрэй Іванец запэўніў, што Міністэрства адукацыі працягне канструктыўны дыялог па ўсім спектры пытанняў, якія датычацца двухбаковага ўзаемадзеяння ў сферы адукацыі, пашырэння практычнага ўзаемадзеяння і ўмацавання прамых кантактаў паміж установамі адукацыі дзвюх краін.
Сёння, 8 лютага, удзельнікі дэлегацыі працуюць па індывідуальнай праграме. Ірына Фёдараўна наведае шэраг універсітэтаў-партнёраў, дзе адбудуцца сустрэчы з кіраўніцтвам і студэнтамі ўстановаў адукацыі.