Экспазіцыя ў галерэі «UNIVERSUM» абнаўляецца штогод да Дня нараджэння Купалаўскага ўніверсітэта. Традыцыйна экспазіцыю складаюць курсавыя і дыпломныя работы студэнтаў факультэта мастацтва і дызайну пад кіраўніцтвам выкладчыкаў кафедры выяўленчага мастацтва, выкананыя ў тэхніцы станковага жывапісу.
У гэтым годзе цудоўныя карціны аб'яднала экспазіцыя пад назвай «Скарбы роднага краю». Кожны з аўтараў захаваў асабістае ўспрыманне багаццяў нашай каханай Беларусі. Для кагосьці гэта хатка на хутары, дарагі сэрцу, хтосьці адлюстраваў шэдэўры архітэктуры, іншыя аўтары з вялікай цеплынёй напісалі нацюрморты. Кожная фарба і любы мазок пэндзлем не выпадковыя, гэта код душы аўтара, які пераплятаецца з душой Беларусі. Як адзначыла рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка, для многіх аўтараў выстава ў галерэі «UNIVERSUM» становіцца першай.
– Я ад усёй душы дзякую нашым таленавітым студэнтам за тое, што яны ўбіраюць усе веды, пранікаюцца кожнай тэхнікай. Выкладчыкам вялікі дзякуй за іх адкрытыя сэрцы і ўменне прывіць любоў да працы і навучыць бачыць прыгажосць навакольнага свету, – адзначыла Ірына Кітурка.
Адкрыццё выставы ў галерэі «UNIVERSUM» стала першым з серыі святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 84-га Дня нараджэння Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. На працягу ўсяго святочнага тыдня ў Купалаўскім універсітэце запланавана шмат цікавых падзей.