Сёння ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. З гэтай нагоды ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы напісалі традыцыйную «Купалаўскую дыктоўку», якая праходзіць ў шосты раз. Дыктоўка прымеркаваная і да Дня нараджэння Купалаўскага ўніверсітэта: 22 лютага яму спаўняецца 84 гады.
З прывітальным словам да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
– Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта. Нішто так не яднае народ, як мова і радзіма. Кожны чалавек павiнен ведаць i паважаць мову сваёй радзімы. Важна ўсвядомiць, што мова – гэта наша багацце, а ведаць i абараняць яе – наш абавязак, – адзначыла ў сваёй прамове рэктар.
У вялікай аудыторыі ўніверсітэта сабраліся студэнты і выкладчыкі, каб праверыць свае веды беларускай літаратурнай мовы і правапісу. Удзельнікі святочнай акцыі ўважліва слухалі голас вядоўцы, якая чытала тэкст, пасля чаго кожны спрабаваў запісаць яго пад дыктоўку. Час ішоў хутка, а напружанне расло з кожным сказам. Разам з купалаўцамі дыктоўку пісалі і замежныя ўдзельнікі, далучыўшыся пасродкам платформы ZOOM.
Як падкрэсліла загадчык кафедры беларускай філалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Алена Садоўская, пісаць «Купалаўскую дыктоўку» ў Дзень роднай мовы ўжо стала добрай традыцыяй ва ўніверсітэце.
«Купалаўскую дыктоўку» пісалі адразу ва ўсіх карпусах універсітэта, а таксама ў каледжах. У кожнай установе налічвалася каля 100 удзельнікаў акцыі.
Адказная місія сёння была ў студэнткі спецыяльнасці «Журналістыка» – пераможцы рэспубліканскага конкурсу «Студэнт года-2024» Анастасіі Кісель. Менавіта яна чытала тэкст купалаўцам і тым, хто далучыўся да дыктоўкі па відэасувязі.
– Сёлета тэкст дыктоўкі прысвечаны 80-годдзю вызвалення Беларусі. Гэта своеасаблівая праява любові да роднага краю. Мы павінны памятаць тыя жудасныя гады, каб больш ніколі такое не паўтарылася, – распавяла Анастасія Кісель.
Сваімі ўражаннямі ад першай спробы напісаць дыктоўку па-беларуску падзяліўся студэнт 4 курса факультэта матэматыкі і інфарматыкі ГрДУ імя Янкі Купалы Сахабанду Шаніл Крыстафер:
– Я первый раз пишу на белорусском языке. Мне было очень сложно, но и очень интересно. Белорусский язык – красивый, и писать на нем мне понравилось.
Напрыканцы мерапрымства на тварах многіх удзельнікаў зайграла лагодная ўсмешка: яны былі задаволены як вынікамі дыктоўкі, так і тым, што далучыліся да знакавай падзеі ў святочны для ўніверсітэта тыдзень.