Паседжанне адбылося ў рамках святочнага тыдня. За круглым сталом сабраліся выпускнікі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, якія скончылі навучанне ў розныя гады. Іх аб'ядноўвае важны аспект - усе яны купалаўцы. Падчас пасяджэння Прэзідыума Асацыяцыі выпускнікоў былі падведзены вынікі працы і абмеркаваны перспектывы сумеснай дзейнасці на карысць развіцця галоўнага ўніверсітэта Гродзеншчыны.
З уступным словам да выпускнікоў звярнулася рэктар Купалаўскага ўніверсітэта Ірына Кітурка, якая падзякавала ўсім прысутным за ўдзел і любоў да сваёй alma mater.
– Шчыра ўсіх віншую з 84-й гадавінай з дня ўтварэння Купалаўскага ўніверсітэта. Здаецца, зусім нядаўна мы адзначалі 80-годдзе нашага ўніверсітэта і ўпершыню правялі З'езд выпускнікоў. Але ўжо ў наступным годзе купалаўцы адзначаць 85-годдзе alma mater і збяруцца на II з'ездзе выпускнікоў, - адзначыла Ірына Кітурка.
У анлайн-фармаце да ўдзельнікаў пасяджэння звярнуўся і старшыня Прэзідыума Асацыяцыі выпускнікоў Сяргей Маскевіч. Ён падкрэсліў, што ГрДУ імя Янкі Купалы заўсёды адпавядаў запытам часу і імкнецца яго апярэдзіць. Купалаўцы цесна супрацоўнічаюць з кіраўніцтвам вобласці і горада, з прадпрыемствамі і арганізацыямі.
Перш чым пачаць абмеркаванне працоўных пытанняў, Ірына Кітурка павіншавала дацэнта кафедры спартыўных дысцыплін Алену Цюнянкову з мінулым 80-гадовым юбілеем. Алена Уладзіміраўна – выпускніца Купалаўскага ўніверсітэта, член Прэзідыума Асацыяцыі выпускнікоў.
На парадку дня было разгледжана некалькі пытанняў. Размова ішла аб клубах выпускнікоў, новых формах узаемадзеяння з выпускнікамі ў рамках работы Асацыяцыі выпускнікоў Купалаўскага ўніверсітэта. Прысутныя абмеркавалі асаблівасці ўступнай кампаніі 2024 года, адзначылі новыя магчымасці для рэгіянальных універсітэтаў. Акрамя таго, купалаўцы пагаварылі аб Асацыяцыі замежных выпускнікоў. Былі вырашаны арганізацыйныя пытанні, у тым ліку аб уключэнні новых членаў у склад Прэзідыума Асацыяцыі выпускнікоў установы адукацыі.
I З'езд выпускнікоў універсітэта адбыўся ў 2020 годзе, упершыню ў гісторыі вышэйшых навучальных устаноў Рэспублікі Беларусь, і быў прымеркаваны да 80-годдзя ГрДУ імя Янкі Купалы. Запрошанымі гасцямі сталі выпускнікі, якія адбыліся ў прафесіі, з'яўляюцца паспяховымі грамадскімі і палітычнымі дзеячамі нашай краіны, а таксама актыўна ўдзельнічаюць у жыцці роднага ўніверсітэта. Быў абраны Прэзідыум Асацыяцыі выпускнікоў, які праз год ізноў сустрэліся ў сценах сваёй Alma Mater.