Ужо восьмы раз будзе арганізавана работа навучальнага семінара «Школа важацкага майстэрства» для студэнтаў, якія плануюць працаваць у дзіцячых аздараўленчых лагерах у складзе студэнцкіх педагагічных атрадаў універсітэта.
Купалаўцы з 28 лютага па 15 мая будуць наведваць заняткі, накіраваныя на павышэнне ўзроўню падрыхтоўкі студэнтаў, якія будуць працаваць важатымі ў дзіцячых аздараўленчых лагерах.
Навучальная праграма складзена ў рамках канцэпцыі выхавання дзяцей і навучэнскай моладзі, змяшчае тэарэтычны і практычны матэрыялы, а таксама трэнінгі, якія могуць прымяняцца ў рабоце. Рабят пазнаёмяць з арганізацыяй эфектыўнай працы з байцамі студэнцкага педагагічнага атрада, са спецыфікай працы ва ўмовах дзіцячага аздараўленчага лагера, раскажуць аб асновах заканадаўства аб працы, а таксама асноўных нарматыўных прававых актах, якія рэгулююць працоўныя адносіны ў студэнцкім атрадзе. Удзельнікам раскажуць аб правілах аказання першай даўрачэбнай дапамогі, аб ахове працы і тэхніцы бяспекі.
Запрошаныя выкладчыкі, студэнты і дырэктары лагераў таксама плануюць падзяліцца са студэнтамі асновамі арганізатарскай дзейнасці важатага і яго службовымі абавязкамі, аб псіхалогіі паводзін дзяцей, методыцы афармлення атрадных куткоў і культурна-дасугавай дзейнасці.
Сёлета навучанне з дапамогай дыскусій, індывідуальнай і самастойнай работы пройдзе каля 300 чалавек. Па выніках семінара ўдзельнікі атрымаюць сертыфікаты аб паспяховым заканчэнні навучання ў «Школе важацкага майстэрства».
У рамках першага занятку ў школе адбылася відэаканферэнцыя на тэму «Палавая недатыкальнасць непаўналетніх, іх абарона ад сексуальных злачынстваў».
Запрошанымі гасцямі сталі намеснік начальніка Упраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі крымінальнай міліцыі УУС Гродзенскага аблвыканкама Дзмітрый Уляшка і старшы інспектар Упраўлення аховы правапарадку і прафілактыкі УУС Гродзенскага аблвыканкама Сяргей Крупіца. На сустрэчы прысутнічалі не толькі слухачы навучальнага семінара «Школа важацкага майстэрства», але і ў рэжыме анлайн прынялі ўдзел студэнты педагагічных спецыяльнасцяў філалагічнага факультэта, факультэта матэматыкі і інфарматыкі, факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, факультэта біялогіі і экалогіі, педагагічнага факультэта, факультэта фізічнай культуры і навучэнцы Гуманітарнага, Лідскага і Ваўкавыскага каледжаў. Мэта сустрэчы - прафілактыка злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх.
Супрацоўнікі УУС звярнулі ўвагу на тое, што злачынствы супраць жыцця, здароўя, палавой недатыкальнасці і палавой свабоды непаўналетніх - гэта грамадска небяспечная з'ява. Шкода, прычыненая непаўналетняму ў выніку гвалтоўных злачынстваў, прыводзіць да адхіленняў у яго маральным і псіхафізічным развіцці, уяўляе пагрозу для яго будучыні. Выяўленне злачынстваў у сферы палавой недатыкальнасці непаўналетніх ускладняецца не жаданнем шэрагу дарослых і саміх дзяцей казаць пра здарэнне, каб не сапсаваць рэпутацыю непаўналетняму і сям'і, дзе ён выхоўваецца.
Падчас прэзентацыі Дзмітрый Уляшка падрабязна расказаў аб відах злачынстваў сексуальнага характару, аб правілах паводзін пры пагрозе насілля ў дачыненні да непаўналетніх, а таксама аб спосабах прафілактыкі злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці. Акрамя таго, у ходзе сустрэчы навучэнцы змаглі атрымаць адказы на пытанні, якія іх цікавяць.