15 сакавіка ў ГрДУ імя Янкі Купалы адбылася анлайн-сустрэча з прадстаўнікамі Ташкенцкага хіміка-тэхналагічнага інстытута.
У сустрэчы прынялі ўдзел купалаўцы - прарэктар па навуковай рабоце Наталля Башун, начальнік цэнтра інтэрнацыяналізацыі адукацыі Алена Белакоз, начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення Марына Калоцэй, начальнік інфармацыйна-аналітычнага цэнтра Яўген Алізаровіч, начальнік аддзела менеджменту якасці Сяргей Шчарбінін.
Сустрэча была ініцыіравана партнёрамі з Ташкенцкага хіміка-тэхналагічнага інстытута, якія падзяліліся сваім намерам прайсці міжнародную праграмную акрэдытацыю па шэрагу спецыяльнасцей тэхнічнага профілю і папрасілі Купалаўскі ўніверсітэт падзяліцца вопытам. Варта згадаць шматлікі і зацікаўлены склад з боку ТХТІ: прарэктар па вучэбнай працы Тоір Сафараў, прарэктар па навуцы і інавацыях Хайрыла Пулатаў, прарэктар па міжнароднай дзейнасці Зеба Бабаханава, кіраўнік аддзела кантролю якасці Толіб Тураеў, начальнік УМА Улубек Кадзіраў, кіраўнік аддзела , загадчыкі кафедраў ТХТІ.
У ходзе сустрэчы прарэктар па навуковай рабоце ГрДУ імя Янкі Купалы Наталля Башун падкрэсліла важнасць мэтанакіраванай, сістэмнай дзейнасці ўніверсітэта па ўсіх напрамках пры падрыхтоўцы да праходжання міжнароднай акрэдытацыі, а таксама адзначыла неабходнасць зладжанай каманднай работы, што забяспечваецца высокім узроўнем карпаратыўнай культуры.
Начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення Марына Калоцэй прадставіла вопыт Купалаўскага ўніверсітэта: ад выбару акрэдытацыйнага агенцтва, падачы заяўкі, падрыхтоўкі і арганізацыі візіту экспертнай камісіі да ўласна працэсу праходжання міжнароднай акрэдытацыі.
Трэба адзначыць, што яшчэ падчас візіту летам 2023 года ў ГрДУ імя Янкі Купалы партнёры з ТХТІ выказалі сваю зацікаўленасць па пытаннях праходжання міжнароднай акрэдытацыі. На сённяшні дзень разглядаюцца магчымасці прадаўжэння супрацоўніцтва ў гэтым напрамку.