Сёння, 23 сакавіка, на тэрыторыі ГрДУ імя Янкі Купалы разгарнулася сапраўднае свята адукацыі і магчымасцяў – Дзень адчыненых дзвярэй – 2024! З самай раніцы студэнты, выкладчыкі і заказчыкі кадраў сабраліся тут, каб вітаць будучых абітурыентаў і прадэманстраваць мноства спецыяльнасцей універсітэта.
Мерапрыемства, якое стартавала з раніцы, прайшло з вялікім поспехам: інфармацыйныя стэнды, лекцыі, майстар-класы і экскурсіі прыцягнулі больш за 1350 зацікаўленых абітурыентаў, 110 выкладчыкаў школ і больш за 150 бацькоў. На кожным кроку можна было сустрэць усмешлівых студэнтаў-памагатых і выкладчыкаў, гатовых падзяліцца сваімі ведамі і досведам.
– Сёння праходзіць Адзіны дзень адчыненых дзвярэй ва ўсіх ВНУ і каледжах Беларусі. Мы імкнемся да таго, каб наш універсітэт быў не проста месцам навучання, а цэнтрам натхнення, інавацый і гармоніі. Чакаем і спадзяемся, што абітурыенты, якія наведалі сённяшняе мерапрыемства, будуць у ліку студэнтаў наступнага навучальнага года, – падкрэсліла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка.
На мерапрыемстве прысутнічалі арганізацыі-заказчыкі кадраў -– Галоўнае ўпраўленне адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, Гродзенская рэгіянальная мытня, Упраўленне следчага камітэта па Гродзенскай вобласці, Дэпартамент забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, Адкрытае акцыянернае таварыства «Гроднапрамбуд», адкрытае акцыянернае таварыства «Гроднапрамбуд» , Унітарнае прадпрыемства «Гроднааблгаз», Адкрытае акцыянернае таварыства «Гродзенскі шклозавод», Адкрытае акцыянернае таварыства «Краснасельскбудматэрыялы», Таварыства з абмежаванай адказнасцю «ПрафГарБуд».
Удзел арганізацый-заказчыкаў кадраў на Дні адчыненых дзвярэй надало мерапрыемству не толькі акадэмічную, але і практычную накіраванасць. Абітурыенты маюць унікальную магчымасць сустрэцца з патэнцыяльнымі работадаўцамі, даведацца аб патрабаваннях рынку працы, і зарыентавацца ў сваёй будучыні кар'ерным шляху. Гэта дазваляе ім лепш зразумець спецыфіку індустрыі і правільна падрыхтавацца да будучай працы.
Напрыклад, Следчы камітэт як заказчык кадраў прадэманстраваў усім жадаючым магчымасці перасоўнай крыміналістычнай лабараторыі. У ёй сабрана ўсё самае неабходнае для арганізацыі якаснай работы следчага на месцы здарэння і дае магчымасць ажыццяўляць выезды ў самыя аддаленыя рэгіёны краіны. У склад лабараторыі ўваходзяць вялікая колькасць прынад і абсталяванні.
– Паміж упраўленнем Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці і юрыдычным факультэтам ГрДУ імя Янкі Купалы наладжана цеснае ўзаемадзеянне. З 2023 года на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ў інтарэсах ведамства на юрфаку вучацца 15 студэнтаў. Нашы супрацоўнікі праводзяць заняткі, дзеляцца прыкладамі са сваёй практыкі, расказваюць пра ўсе тонкасці і нюансы службы. Акрамя правядзення тэарэтычных і практычных заняткаў для будучых юрыстаў арганізоўваюцца ідэалагічныя і спартыўныя мерапрыемствы, - адзначыў начальнік упраўлення кадраў і ідэалагічнай работы ўпраўлення Следчага камітэта па Гродзенскай вобласці Вячаслаў Буйда. – Сёння больш за 40 студэнтаў-купалаўцаў з'яўляюцца пазаштатнымі супрацоўнікамі Следчага камітэта, што яшчэ лепш дазваляе ім пазнаёміцца з прафесіяй «следчы». Так, у 2024 годзе на ўмовах мэтавай падрыхтоўкі ў інтарэсах Следчага камітэта на юрыдычны факультэт плануецца набор 15 абітурыентаў.
Праца з чарцяжамі, майстар-класы па журналістыцы, дэманстрацыя IT-тэхналогій, даследаванні ў галіне біялогіі - кожны мог знайсці для сябе нешта займальнае і карыснае. Атмасфера была прасякнута радасцю адкрыццяў, жывым дыялогам і хваляваннем перад будучым выбарам.
– Мяне прыцягвае факультэт эканомікі і кіравання Купалаўскага ўніверсітэта, паколькі я імкнуся звязаць сваю будучую кар'еру з эканамічнай сферай. Тут я змагу раскрыць свой патэнцыял і ўнесці свой уклад у навуковыя і практычныя даследаванні, – расказала навучэнка Верцялішкаўскай сярэдняй школы Анастасія Рудак.
У сучасным свеце інжынерная справа займае адно з найважнейшых месцаў у эканоміцы і грамадскім жыцці. З развіццём гарадоў, інфраструктуры і тэхналогій попыт на кваліфікаваных спецыялістаў гэтай сферы расце стабільна. Менавіта такіх адмыслоўцаў рыхтуюць у ГрДУ імя Янкі Купалы.
– Я хачу паступіць на інжынерны факультэт. Я стану спецыялістам дынамічнай і перспектыўнай галіны. Будаўніцтва – гэта не проста прафесія, гэта стыль жыцця, дзе кожны дзень ты можаш бачыць вынік сваёй працы і ўносіць станоўчыя змены ў навакольны свет, – падзяліўся навучэнец Гімназіі № 1 горада Ліда Роберт Слука.
Будучыя абітурыенты не толькі даведаліся аб адукацыйных праграмах і магчымасцях універсітэта, але і адчулі сябе часткай вялікай і дружнай сям'і Купалаўскага ўніверсітэта. Адкрытасць, талерантнасць, і падтрымка - вось ключавыя каштоўнасці, якія зрабілі гэты дзень па-сапраўднаму незабыўным.
Варта адзначыць, што ў сувязі з трагічнай падзеяй, што адбылася ў «Crocus City Hall», было прынятае рашэнне аб адмене канцэртнай праграмы ў рамках Дня адчыненых дзвярэй Купалаўскага ўніверсітэта. Рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка выказала спачуванні родным і блізкім загінулых у выніку тэракту ў Падмаскоўі. Ірына Фёдараўна паабяцала абітурыентам арганізаваць канцэрт творчых калектываў універсітэта ў рамках шостага школьнага дня. Сачыце за навінамі.
Дзень адчыненых дзвярэй – 2024 у ГрДУ імя Янкі Купалы стаў не проста інфармацыйным мерапрыемствам, а сапраўдным святам адукацыі, дружбы, і магчымасцяў.