Адбыўся круглы стол, які прайшоў у рамках правядзення рэактыўнай маніторынгавай місіі на беларускай частцы трансгранічнага аб'екта сусветнай спадчыны ЮНЕСКА "Белавежская пушча". Сустрэча адбылася на дзяржаўнай мяжы Польшча-Беларусь, дзе ўсталяваны плот, які раздзяляе Белавежскую пушчу на дзве часткі. Удзел у навуковым абмеркаванні прынялі і купалаўцы.
У ліку пула экспертаў былі в.а. дэкана факультэта біялогіі і экалогіі Вольга Янчурэвіч і загадчык кафедры батанікі ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Созінаў, якія змаглі ацаніць актуальны стан экасістэм беларускай часткі Белавежскай пушчы ў раёне ўстаноўкі плота і ўздзеянне яго на навакольнае асяроддзе. Напярэдадні круглага стала эксперты ў суправаджэнні першага намесніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандра Корбута, прадстаўнікоў Упраўлення спраў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Камітэта дзяржаўнага кантролю, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, тэрытарыяльных органаў Мінпрыроды, ДПУ "Нацыянальны парк "Белавежская пушча", органаў мясцовага самакіравання грамадскасці даследавалі частку пушчы на тэрыторыі Брэсцкай вобласці.
Па выніку маніторынгу адбыўся круглы стол з удзелам міжнародных экспертаў ЮНЕСКА/МСАП. Ключавая тэма абмеркавання - негатыўныя наступствы ўзвядзення ў Белавежскай пушчы польскага загараджальнага збудавання. Сярод удзельнікаў - прадстаўнікі грамадскасці, навуковых колаў, органаў мясцовага кіравання, Міністэрства прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, Гродзенскага абласнога камітэта прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя.
У дыскусіі выступіла Вольга Янчурэвіч, якая адзначыла, што міграцыйныя калідоры не функцыянуюць і перамяшчэнне жывёл у месцы ўстаноўкі плота не ажыццяўляецца. Алег Созінаў акцэнтаваў увагу на тым, што праблема носіць глабальны характар і наносіць страты ўсёй Пан-Еўрарэйскай экалагічнай сетцы і неабходна наладжванне дыялогу паміж Беларуссю і Польшчай.
Міжнародныя эксперты пасля падрыхтоўкі справаздачы аб правядзенні рэактыўнай маніторынгавай місіі дадуць яе на азнаямленне беларускаму боку. Вынікі місіі будуць разгледжаны ў ходзе 46-й сесіі Камітэта сусветнай спадчыны ЮНЕСКА, якая адбудзецца з 21 па 31 ліпеня бягучага года ў Дэлі, Рэспубліка Індыя.