Дэлегацыя Купалаўскага ўніверсітэта, якую ўзначальвае рэктар Ірына Кітурка, адправілася ў Кітай з рабочым візітам. У склад дэлегацыі таксама ўвайшлі прарэктар па вучэбнай працы Лявонцій Паўлаў і старшы выкладчык кафедры перакладу і міжкультурнай камунікацыі Ванг Тао.
Асноўнай задачай камандзіроўкі з'яўляецца прэзентацыя навуковага і адукацыйнага патэнцыялу Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а таксама абмен вопытам з Даляньскім політэхнічным універсітэтам і Ціндаоскім вышэйшым педагагічным спецыяльным вучылішчам дашкольнай адукацыі.
Купалаўскі ўніверсітэт імкнецца ўмацаваць свой імідж і павысіць пазнавальнасць на міжнароднай арэне, таму важным аспектам візіту з'яўляецца ўстанаўленне і развіццё новых партнёрскіх кантактаў.
У рамках візіту запланаваны сустрэчы з прадстаўнікамі кітайскіх устаноў адукацыі, абмен вопытам і інфармацыяй аб навуковых даследаваннях і дасягненнях, адукацыйных праграмах і выкладчыцкім складзе.
Мяркуецца, што вынікі візіту прывядуць да заключэння пагадненняў аб супрацоўніцтве і адкрыюць новыя перспектывы для студэнтаў і выкладчыкаў Купалаўскага ўніверсітэта ў галіне міжнароднага абмену і навуковага супрацоўніцтва.
Акрамя таго, запанаваны ўдзел рэктара Купалаўскага ўніверсітэта ва II Форуме ўстаноў вышэйшай адукацыі Беларусі і Кітая, дзе Ірына Фёдараўна выступіць з дакладам на тэму «Развіццё прасторы міжкультурнага дыялогу як сацыяльная місія сучаснага ўніверсітэта» ў рамках удзелу ў секцыі «Дыялог цывілізацый».