Круглы стол «Яны змагаліся за Радзіму» раскрыў асобы дэпутатаў Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, якія з'яўляюцца ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны. Падзея прысвечана 80-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Гэты праект рэалізуецца ў рамках пагаднення аб супрацоўніцтве паміж абласным Саветам дэпутатаў і Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам, а таксама Праграмы рэалізацыі праекта «Народаўладдзе на Гродзеншчыне: гісторыя і сучаснасць», якія былі падпісаны ў снежні 2023 года.
У рамках праекта студэнты факультэта гісторыі, камунікацый і турызму пад кіраўніцтвам выкладчыкаў правялі даследчую работу ў Дзяржаўным архіве Гродзенскай вобласці, якая легла ў аснову падрыхтоўкі курсавых і дыпломных работ, прысвечаных дзейнасці Саветаў дэпутатаў у розныя гады. Праект закліканы запоўніць белыя плямы ў гісторыі, дае магчымасць даведацца больш аб людзях, якія займаліся ў розны час дэпутацкай дзейнасцю, аб выніках іх працы, які ўнёс важкі ўклад у аднаўленне і развіццё вобласці.
Удзельнікаў круглага стала прывітала рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Яна падзякавала студэнтам і выкладчыкам факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму за праведзеную работу і іх імкненне да вывучэння гісторыі. Дарэчы, у Купалаўскім універсітэце рэалізуюцца і іншыя міждысцыплінарныя праекты, накіраваныя на захаванне гістарычнай праўды.
Падрыхтаваныя студэнтамі працы адлюстроўваюць складаны шлях, які праходзілі дэпутаты вобласці ў ваенны час і ў перыяд, калі адраджалі нашу краіну разам з іншымі беларусамі.
– Праект важны тым, што студэнты апускаюцца ў атмасферу, працуюць з архіўнымі дакументамі і самі здабываюць праўду. Многія даследчыкі, вывучаючы феномен Перамогі беларускага народа ў Вялікай Айчыннай вайне, адзначаюць, наколькі было складана пераадолець беларускаму народу жахі вайны. І толькі адзінства дапамагло выдужаць, выжыць, згуртавацца. Таму хочацца, каб непарыўная сувязь пакаленняў толькі мацнела, – падкрэсліла Алена Пасюта.
Дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Віктар Белазаровіч адзначыў, што старт гэтак цікаваму навукова-даследчаму міждысцыплінарнаму праекту «Народаўладдзе на Гродзеншчыне: гісторыя і сучаснасць» быў дадзены па ініцыятыве Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў. Ідэя была падтрымана прафесарска-выкладчыцкім складам і, вядома, студэнтамі.
– Да праекту далучыліся не толькі студэнты-гісторыкі, але і журналісты, сацыёлагі, турысты. Усе ўключыліся ў сумесную працу па даследаванні гісторыі народаўладдзя і парламентарызму ў Гродзенскай вобласці. У рамках круглага стала гаворка ішла аб людзях, чый ратны подзвіг, затым працоўны, стварылі падмурак нашай сучаснай Беларусі. Гэтыя людзі прадстаўлялі Гродзенскі абласны Савет дэпутатаў у дастаткова складаны перыяд аднаўлення народнай гаспадаркі, развіцця нашай вобласці, Савецкай Беларусі, – расказаў Віктар Белазаровіч.
Акрамя таго, удзельнікі сустрэчы мелі магчымасць пачуць дэлегатаў VII Усебеларускага народнага сходу, якія падзяліліся сваімі ўражаннямі, ідэямі, жыццёвай стратэгіяй.